Польскія сяляне на трактарах едуць пратэставаць у Варшаву
Пратэстоўцы хочуць, каб дзяржава кампенсавала ім страты ад расійскага эмбарга на харчовыя прадукты.
У польскай сталіцы пратэстуе некалькі соцень сялян. 11 лютага лідары сялянскіх арганізацый удзельнічалі ў перамовах з міністрам сельскай гаспадаркі Марэкам Савіцкім, але размовы не прынеслі вынікаў.
Польскія сяляне дамагаюцца, каб дзяржава кампенсавала ім страты ад леташняга зніжэння коштаў на прадукцыю ды знішчаныя дзікамі пашы. Становішча сялян пагоршыла таксама расійскае эмбарга на еўрапейскую сельгаспрадукцыю, уведзенае ў жніўні 2014 года. Аднак польскія палітыкі не бачаць прычын выдзяляць сялянам дадатковыя грошы, бо не лічаць сябе адказнымі за зніжэнне коштаў на сельгаспрадукцыю на сусветным рынку.
Фермеры ж лічаць, што дзяржава павінна дапамагчы сялянам замест таго, каб даваць грошы Украіне. Такія заявы гучалі ад лідара Агульнапольскага аб’яднання сялянскіх прафсаюзаў Славаміра Іздэбскага: “Для сялян урад не мае некалькіх мільёнаў, а на дапамогу Украіне прызначае 100 мільёнаў злотых. Няхай тады едуць ў гэтую Украіну і адтуль не вяртаюцца”, — піша сайт tvn24.pl.
Тым часам да Варшавы набліжаюцца дзясяткі трактароў ды іншых сельгасмашын з усіх куткоў Польшчы. Трактары збіраюцца спыніцца ў прыгарадзе польскай сталіцы і заставацца там, пакуль мэты пратэсту не будуць дасягнутыя, а міністр сельскай гаспадаркі не сыйдзе з пасады. Фермеры кажуць, што калі ўлада не выканае іх патрабаванні, то яны прывязуць у сталіцу 100 тысяч людзей і будуць дамагацца ўжо адстаўкі ўсяго ўраду.