Пінчук заплаціў амаль 5 тысяч долараў за неіснуючых шчанюкоў

22-гадовы жыхар Пінска стаў ахвярай махляроў з Камеруна. Ён пабачыў у інтэрнэце аб'яву, у якой прапаноўвалася бясплатна аддаць "у добрыя рукі" шчанюкоў рэдкай пароды "Акіна-іну". Іх гаспадар спасылаўся на складаныя сямейныя абставіны, якія вымусілі яго пайсці на гэты крок, ды прасіў для дастаўкі пералічыць невялікую суму праз сістэму Western Union.

Пінчук вырашыў, што ён можа добра зарабіць на шчанюках рэдкай пароды і пагадзіўся. У далейшым махляры прасілі пералічваць усё новыя і новыя сумы — на афармленне дакументаў, на транспарціроўку. Лісты прыходзілі з аэрапортаў Парыжа, Вены, Варшавы і Масквы.

Пасля беларусу паведамілі, што адзін шчанюк памёр і паабяцалі выплаціць вялікую страхоўку, прызначылі сустрэчу ў Мінску. Ён чакаў іх тры дні, але ніхто не з'явіўся. Неўзабаве махляры выйшлі на сувязь і паведамілі, што іх затрымалі ў кіеўскім аэрапорце, прасілі грошы на дарогу. Гэта стала апошняй кропляй — пінчук звярнуўся ў міліцыю. Была распачатая крымінальная справа па артыкуле "Махлярства ў буйным памеры".

Як адзначае сайт media-polesye.by, пінчук агулам пералічыў махлярам 4715 долараў ЗША.

Фота: udivitelno.com