Пілот мотадэльтаплана, які разбіўся пад Вілейкай, быў п'яны — СК

Следства наконт мотадэльтаплана, які разбіўся пад Вілейкай, завяршылі / прэс-служба СК
Пілот мотадэльтаплана, які разбіўся пад Вілейкай, быў п'яны. Да такой высновы прыйшлі следчыя са Следчага камітэта, якія расследавалі гэтую трагедыю.
Як распавядала Еўрарадыё, 27 жніўня 2023 года ў Вілейскім раёне ўпаў мотадэльтаплан. Пры гэтым загінулі 52-гадовы пілот і 24-гадовы пасажыр, які хацеў паглядзець на родны горад з вышыні птушынага палёту.
Следчыя заяўляюць, што ў пілота не было дакументаў на права кіраваць лятальным апаратам, на 8 гадоў было пратэрмінаванае пасведчанне пілота-аматара. Падчас палёту мужчына быў п'яны: канцэнтрацыя этылавага спірту ў яго крыві склала 1,6 праміле.
Калегі загінулага пілота кажуць, што ён любіў экстрэмальныя элементы пілатажу — напрыклад, "мёртвую пятлю", што недапушчальна для мотадэльтаплана, бо супярэчыць патрабаванням бяспекі.
Следчыя прыйшлі да высновы, што прычынай трагедыі сталі паводзіны 52-гадовага пілота і закрылі крымінальную справу ў сувязі з яго смерцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.