Маладзечанка памерла пасля зробленай татуіроўкі

Татуіроўка / Дзяржкамітэт судовых экспертыз
21-гадовая жыхарка Маладзечна была экстрана шпіталізаваная ў канцы жніўня. Хуткую выклікаў яе хлопец, калі дзяўчыне стала дрэнна.
Аднак выратаваць яе не ўдалося — праз суткі яна памерла ў бальніцы.
Як паведамляе прэс-служба Дзяржкамітэта судовых экспертыз, перад тым дзяўчына рабіла татуіроўку на левым перадплеччы ў хатніх умовах. Таксама ў яе было мноства іншых татуіровак на розных участках цела.
Праз пару дзён пасля працэдуры ў маладзечанкі паднялася высокая тэмпература, а ў раёне татуіроўкі ўзніклі пачырваненне і ацёк.
Судовыя эксперты Мінскай вобласці выявілі, што смерць дзяўчыны наступіла ў выніку запаленчага працэсу ў арганізме — гэта значыць сепсісу, які прывёў да поліорганнай функцыянальнай недастатковасці.
У Дзяржкамітэце судовых экспертыз настойліва рэкамендуюць перад нанясеннем татуіроўкі пераканацца, што майстар выконвае ўсе санітарныя нормы, выкарыстоўвае аднаразовыя інструменты і працуе ў стэрыльнай абстаноўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.