Пад санкцыі Польшчы трапілі трое беларусаў і звязаныя з імі кампаніі

Сцяг Польшчы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Пад санкцыі Польшчы за падтрымку Расіі трапілі трое беларусаў — Андрэй Карповіч, Уладзімір Ляшчук і Вераніка Пенталь, а таксама дзве звязаныя з імі кампаніі з польскай рэгістрацыяй — STEELTRADE і OMNI GRP. У "чорны спіс" іх унесла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Кампанія STEELTRADE займаецца аптовым гандлем металічнымі вырабамі, гідраўлічным і ацяпляльным абсталяваннем. Польскія ўлады мяркуюць, што пастаўкамі ў РФ гэтая кампанія ўскосна падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну. Пагатоў, экспарт у Расію тавараў з чыгуну і сталі забаронены. Ад 2021 года да сярэдзіны 2022 года гэтая кампанія паставіла ў Расію тавары на амаль 30 млн злотых.
У сярэдзіне 2022 года STEELTRADE замест РФ пачала пастаўляць тавар у Казахстан, а з 2023 года — кітайскай кампаніі. У Польшчы выявілі, што больш за 200 партый тавару STEELTRADE былі пазней рээкспартаваныя ў Расію.
Кампанія OMNI GRP займаецца аптовым продажам металаў і металічных руд, пастаўляе ў Расію вырабы з чыгуну і сталі, што забаронена санкцыямі ЕС. Напрыклад, сталь Uddeholm Dievar, якую пастаўляла гэтая кампанія, выкарыстоўваецца ў абароннай прамысловасці. У 2023 годзе OMNI GRP рабіла вялікія пастаўкі тавару ў Турцыю, Кітай і Казахстан. Але, як выявіла Польшча, большасць кітайскіх паставак пазней былі перапраўленыя ў РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.