Супрацоўніца пула Лукашэнкі прызналася, што была аб'ектам харасменту

Паліна Канога / ctv.by
Пра свае сутыкненні з "нягоднымі паводзінамі мужчын" на працы заявіла супрацоўніца пула Аляксандра Лукашэнкі, рэдактарка аддзела палітычнай інфармацыі Выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Паліна Канога. Яе заява прагучала ў YouTube-праграме "Сам-насам з Баравіком". Яе вядзе дэлегат Усебеларускага народнага сходу Вадзім Баравік.
Канога вырашыла падняць тэму, бо "ў інфаполі часта гучаць гісторыі пра харасмент, рассылку дзікпікаў".
"Я, як жанчына, скажу шчыра: у свой час даводзілася мне, на жаль, сутыкацца з такім, мякка скажам, нягоднымі паводзінамі мужчын. Гэта было звязана з маёй працай, яшчэ на світанку [маёй кар'еры], даўным-даўно, калі я была маладая і зялёная журналістка. Я лічу, што ў нас заплюшчваюць вельмі часта вочы [на такія сітуацыі] і робяць выгляд, што жанчына заўсёды вінаватая, хоць выпадкі часам настолькі абуральныя, што варта ўвесці нейкую сур'ёзную адказнасць за падобныя праявы", — прыводзіць яе словы выданне "Зеркало".
У адказ Вадзім Баравік назваў гэтае пытанне складаным і прапанаваў разглядаць не толькі сэксуальны аспект.
"Харасмент можа выяўляцца і ў тым, што на чалавека псіхалагічна ціснуць. Жанчына-кіраўнік можа адчуваць нейкую непрыязнасць да супрацоўніка мужчынскага полу і можа проста на яго аказваць псіхалагічны ціск, выжываць, даводзіць яго да інсульту і праводзіць яго на той свет. А мы ўвесь час кажам: "Ах, бедная-няшчасная, асоба жаночага полу". Але калі мы з вамі, дарагія мае, змагаемся за правы чалавека, то мы павінны з вамі па палавой прыкмеце ўсіх зраўнаваць", — заявіў Баравік.
Канога спрабавала дыскутаваць і нагадаць, што тое ж самае можа рабіць і кіраўнік-мужчына ў адносінах да падпарадкаванай жанчыны. Аднак Баравік слухаць яе не стаў і прапанаваў свой варыянт дзеянняў: "Я згодны: калі ёсць месца дамаганням — адразу рэагуй, дарагая. Вось ёсць праблема, значыць, у нас ёсць тэлефоны, РУУС у кожным раёне. Не хочаш выносіць у прававую плоскасць — адпаведна, [звярніся] у вышэйшую інстанцыю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.