У ЕГУ вярнулі студэнтку, адлічаную пасля скандалу з харасментам

Таццяна Барысава / Facebook.com
Віленскі суд пастанавіў вярнуць у ЕГУ студэнтку Таццяну Барысаву. Два гады таму дзяўчыну адлічылі пасля скандалу з харасментам. Аб рашэнні суда расказала ў сацсетках сама Барысава.
Скандал выбухнуў увосень 2023 года. Мастака і выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага абвінавацілі ў неэтычных паводзінах у дачыненні да студэнтак. Барысава была адзінай са студэнтак, якая выступіла з абвінавачаннямі публічна.
Сялецкага праз некалькі месяцаў разбіральніцтва звольнілі.
Аднак пасля інтэрв'ю Барысавай Сялецкі падаў на яе скаргу ва ўніверсітэцкую камісію па этыцы, дзяўчына адказала адкрытым лістом да ўніверсітэцкай супольнасці. Пасля гэтага скаргу на студэнтку падаў сам рэктар, і ў снежні 2023‑га Таццяну адлічылі.
"Нягледзячы на прызнанне загаду аб адлічэнні незаконным, частка іску аб кампенсацыі шкоды не была задаволеная, таму я часткова пакрываю выдаткі ЕГУ — 1300 еўра. Што ж, для некаторых рэчаў патрэбна больш здольнасцяў у складанні юрыдычных тэкстаў, чым маю я", — напісала Барысава ў сацсетках.
Дарэчы, Сялецкага віленскі суд летась таксама загадаў аднавіць на працы ў ЕГУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.