Аднаўленне замка ў Любчы ідзе паводле фантазіі ўласніка — "Спадчына"

Любчанскі замак / "Спадчына"
Замак у Любчы (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) аднаўляюць не ў адпаведнасці з праектам рэканструкцыі, а згодна з фантазіямі цяперашняга ўласніка. Гэта высветліў тг-канал "Спадчына".
За апошні час у Любчанскім замку былі ўзведзеныя паўночная вежа з фігурным купалам і мураваная паўночна-заходняя сцяна, якая злучае яе з брамай-вежай. Таксама ў поўную вышыню была ўзведзеная паўночна-ўсходняя, "драўляная" вежа і пачалі ставіць паўночную сцяну — з металічнага каркасу, глуха закладзеную бярвеннем.
"Гэта ўсё, мякка кажучы, не падобна да таго, што мы бачылі на рэндарах зацверджанага раней праекта. Так, паўночная і ўсходняя сцены мусілі быць паўпразрыстамі, жалюзійнамі, каб не разбураць візуальную сувязь палаца з прыродным ландшафтам, далінай Нёмана. Шмат нестыковак у вышынях і недакладнасцяў у дэталях", — піша "Спадчына".
Аўтар канала звярнуўся ў Мінкультуры з просьбай праверыць, ці ўсё ў рэканструкцыі замка адпавядае праекту. Чыноўнікі далі станоўчы адказ толькі наконт паўночна-заходняй сцяны і паўночнай вежы.
"А вось усё астатняе, другая чарга — то бок, сцяна з боку Нёмана і "драўляная" вежа — нават не падавалася на ўзгадненне ў Мінкультуры! То бок усё, што там ужо амаль за два гады пабудаваў Пячынскі, гэта самапал, які не мае ніякага дачынення да навуковай рэстаўрацыі", — канстатуе "Спадчына".
Аўтар тг-канала абураны, што ніякія кантрольныя органы не заўважалі незаконную будоўлю на турыстычным аб'екце. Але, на яго думку, разбіраць "самапал" ніхто не будзе, а чыноўнікі ўзаконяць тое, што ўжо ёсць.







Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.