Пенсіянерка правяла больш за суткі ў лесе, яе знайшлі выратавальнікі
Уратаваная пенсіянерка / mchs.gov.by
12 верасня ў службу выратавання патэлефанавала жанчына і паведаміла, што яе суседка (1948 года нараджэння) пайшла ў лес і заблукала побач з вёскай Кветча Лепельскага раёна, піша сайт МНС Беларусі.
Першыя гадзіны пошуку з заблукалай выратавальнікі размаўлялі па тэлефоне, а потым сувязь абарвалася. Балоцістая мясцовасць таксама ўскладняла пошукі.
Жанчыну шукалі больш за трыццаць чалавек з прыцягненнем дзевяці адзінак тэхнікі і квадракоптара, у тым ліку 28 работнікаў МНС і 7 адзінак тэхнікі.
Да вечара 13 верасня супрацоўнікі МНС знайшлі пенсіянерку ў лесе. Медыцынская дапамога ёй не спатрэбілася.