Два мужчыны на Брэстчыне памерлі ад укусаў насякомых

Шэршань, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Пінскім і Івацэвіцкім раёнах Брэсцкай вобласці зафіксаваныя смяротныя ўкусы насякомых, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў.
У канцы ліпеня шэршань укусіў 51-гадовага жыхара Пінскага раёна. Мужчына зайшоў у дом і яшчэ паспеў сказаць жонцы, што яго ў двары ўкусіла казурка. Пасля гэтага ён паваліўся. Медыкі, якія прыбылі на выклік, канстатавалі смерць мужчыны.
Падобны трагічны выпадак здарыўся ў Івацэвіцкім раёне. Жыхар Пінска прыехаў забраць пляменніка. Нечакана 67-гадовага мужчыну ў руку ўджаліла пчала. Мужчына дастаў джала, але праз непрацяглы час адчуў боль у раёне ўкусу. Пенсіянер дайшоў да машыны і зваліўся. Выратаваць яго не ўдалося.
Эксперты высветлілі, што абодва мужчыны памерлі ад анафілактычнага шоку на ўкус насякомых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.