Літва абмежавала дзяржфінансаванне праектаў беларускага кіно
Банэр Літоўскага кінацэнтру ў Вільнюсе / Lietuvos kino centras prie Kultūros ministerijos
Літоўскі кінацэнтр (Lietuvos kino centras) апублікаваў новую рэдакцыю правілаў дзяржаўнага фінансавання кінапраектаў. Згодна з ёй, праекты з удзелам грамадзянаў Беларусі, Расіі і іншых краін, пазначаных у афіцыйным пераліку, цяпер не могуць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.
Як вынікае з абноўленага пункту 17, абмежаванні дзейнічаюць нават у выпадках, калі аўтары маюць від на жыхарства ў Літве. Такім чынам, беларусы і расіяне юрыдычна працягваюць лічыцца грамадзянамі краін, якія ўцягнутыя ў вайну ва Украіне, таму на іх распаўсюджваюцца абмежаванні.
Першыя беларускія кінематаграфісты ўжо пачалі сутыкацца з наступствамі новых правілаў. Адзін з рэжысёраў распавёў Еўрарадыё, што сутыкнуўся з праблемамі пры стварэнні свайго фільма літоўска-нямецкай вытворчасці, бо праект страціў магчымасць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне.