Пасольства Беларусі ў Пакістане дагэтуль не выдае візы

Пакістан / unsplash
Пасольства ў Пакістане ўсё яшчэ не пачало выдаваць візы, паведамляе пакістанскае агенцтва "Ідэальная віза". Супрацоўнікі кампаніі ў сваім тык-ток канале рэгулярна апавяшчаюць падпісчыкаў пра змены ў сітуацыі з працаўладкаваннем у Беларусі.
"Пакуль ніхто не атрымаў запіс у амбасаду. Хтосьці кажа, што "акенцы" выдаюць на верасень. Хтосьці кажа, што проста прынясе ў амбасаду дакументы, і калі яны будуць у парадку, там дадуць візу. Але ўсё гэта толькі размовы. На афіцыйным сайце амбасады няма ніякіх навінаў, ніякіх абвестак", — кажа прадстаўнік агенцтва.
Сярод тых, хто спрабуе атрымаць беларускую візу, ходзяць чуткі, быццам і ў жніўні трапіць у беларускую амбасаду не атрымаецца. Але і гэтай інфармацыі няма пацверджання.
Некаторыя кліенты агенцтва нервуюцца, таму што ўжо атрымалі дазвол на працу, але яго тэрмін дзеяння можа скончыцца раней, чым амбасада адновіць выдачу віз. У агенцтве раяць не рызыкаваць, а запытаць новы дазвол.
На ютуб-канале агенцтва 5 з 6 апошніх відэаролікаў прысвечаныя запісам ў пасольства Беларусі.
Як трапіць у Беларусь?
Пакістанскае агенцтва "Ідэальная віза" пачало прапаноўваць сваім кліентам паездкі ў Беларусь у сярэдзіне красавіка. Тады на канале агенцтва ў Tik-Tok з'явілася першае відэа з анонсам 150 тысяч вакансій у Беларусі.
Ужо ў канцы траўня на тым жа канале было апублікаванае відэа, у якім аўтар казаў, што амбасада адказвае з затрымкай праз вялікую колькасць заявак на візу. А яшчэ праз некалькі дзён на канале з'явілася паведамленне, што знайсці слот на чэрвень ужо немагчыма.
Апошняе відэа пра Беларусь, якое выйшла на гэтым канале, канстатуе: ні на адзін тып візы як мінімум да 15 ліпеня запісацца нельга.
Шмат у чым гэтыя відэа падобныя на парады, якія даюць "памагатары" беларусам, якія спрабуюць адкрыць еўрапейскія або амерыканскую візы. "Эксперты" падказваюць, якія пытанні могуць задаць у пасольстве — і як правільна на іх адказваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.