"Вас выкарыстоўваюць як прыкорм": пакістанцы адгаворваюць сваіх ехаць у Беларусь

Як візавыя агенты вучаць сваіх кліентаў адказваць на пытанні консула / Euroradio
Пасольства Беларусі ў Пакістане перастала прымаць заявы на ўсе тыпы віз. Інфармацыя пра гэта ёсць і на сайце самога пасольства, і ў шматлікіх тыктоках пакістанскіх агенцтваў, якія дапамагалі грамадзянам сваёй краіны аформіць беларускія візы.
У папярэднія некалькі месяцаў сацсетка была запоўненая відэаролікамі, у якіх агенты прапаноўвалі зрабіць візы ў Беларусь. Верагодна, "тэхнічныя прычыны", з якімі сутыкнуліся супрацоўнікі пакістанскай амбасады — гэта наплыў ахвотных з'ехаць у Беларусь.
Але сярод каментатараў ёсць і тыя, хто адгаворваў суайчыннікаў ад такой паездкі. Што пакістанцы кажуць пра Беларусь, прааналізавала Еўрарадыё.
"Вы павінны адказваць, што вернецеся ў сваю краіну"
Пакістанскае агенцтва "Ідэальная віза" пачало прапаноўваць сваім кліентам паездкі ў Беларусь у сярэдзіне красавіка. Тады на канале агенцтва ў Tik-Tok з'явілася першае відэа з анонсам 150 тысяч адкрытых вакансій у Беларусі.
“Прычым гаворка ідзе менавіта пра кваліфікаваную працоўную сілу— гэта важна адзначыць. Будуць адпраўляцца менавіта кваліфікаваныя спецыялісты, у якіх ёсць нейкая прафесія або навык. Гэта не будуць звычайныя працоўныя з фабрык. У вас павінен быць нейкі навык і дыплом ці сертыфікат, які пацвярджае гэты навык", — казаў аўтар відэа.
Ужо ў канцы траўня на тым жа канале было апублікаванае відэа, у якім аўтар казаў, што амбасада адказвае з затрымкай праз вялікую колькасць заявак на візу. А яшчэ праз некалькі дзён на канале з'явілася паведамленне, што знайсці слот на чэрвень ужо немагчыма.
"Раней запіс (на падачу візы) даваўся за два-чатыры дні, але цяпер я паведамляю вам правераную інфармацыю — на чэрвень слоты ў беларускай амбасадзе цалкам забраніраваныя", — казаў аўтар відэа.
Шмат у чым гэтыя відэа нагадваюць парады, якія даюць "памагатары" беларусам, якія спрабуюць адкрыць еўрапейскія або амерыканскую візы. "Эксперты" падказваюць, якія пытанні могуць задаць у пасольстве — і як правільна на іх адказваць.
"Першае, што спытаюць — чым вы займаецеся ў Пакістане? Памятайце, што ў працы, на якую вы прэтэндуеце ў Беларусі, у вас павінен быць вопыт — рэкамендацыйны ліст або дыплом. Напрыклад, калі вы едзеце працаваць краўцом, раскажыце, дзе і колькі гадоў вы працавалі краўцом. Потым спытаюць, у якую кампанію ў Беларусі вы едзеце. Вы павінны ведаць назву кампаніі, яе адрас, горад, у якім яна знаходзіцца. Могуць задаваць любыя пытанні, але яны будуць звязаныя з вашай прафесіяй і профілем: чым вы займаецеся, ваша адукацыя, колькі ў вас вопыту ў гэтай працы.
Ці можа здарыцца новы віток міграцыйнага крызісу?
Ужо напрыканцы красавіка на канале з'явілася відэа, аўтар якога заклікае пакістанцаў не спрабаваць выкарыстоўваць Беларусь як партал у краіны Шэнгенскай зоны.
"Ніколі не выязджайце з Пакістана з такім намерам, — кажа аўтар відэа. — Калі вы хочаце паехаць у нейкую краіну, атрымлівайце візу менавіта гэтай краіны і адпраўляйцеся туды законна. <...> Беларусь сапраўды мяжуе з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Але трапіць туды з Беларусі гэтак жа цяжка, як пакістанцу трапіць у Індыю".
Аўтар відэа заклікае не спрабаваць пераходзіць мяжу ў абыход рэгулярных працэдур і палохае суайчыннікаў тым, што краіны Шэнгенскай зоны ў такім выпадку могуць наогул перастаць выдаваць візы грамадзянам Пакістана.
"Калі вы думаеце, маўляў, я прыеду і праз 10-15 дзён пайду далей, то вы падвергнеце сваё жыццё небяспецы, самі пацерпіце і сапсуеце шлях для тых, хто прыйдзе пасля вас. Не рабіце так ні з сабой, ні з Пакістанам", — рэзюмуе аўтар відэа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.