МЗС запэўнівае, што ў Беларусі шукаюць чыгуначных дыверсантаў з Польшчы
МЗС Беларусі / sb.by
У Беларусі шукаюць двух грамадзян Украіны, якіх падазраюць у тэрактах на польскай чыгунцы. Пра гэта журналістам заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.
"Кампетэнтнымі органамі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча праводзяцца сумесныя мерапрыемствы па ўсталяванні месцазнаходжання двух грамадзян Украіны, якія падазраюцца ў здзяйсненні на тэрыторыі Польшчы злачынстваў тэрарыстычнага характару", — перадае БЕЛТА яго словы.
Дыпламат пацвердзіў, што ўкраінцы заехалі на тэрыторыю Беларусі.
"У выпадку выяўлення месцазнаходжання названых асоб на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь яны будуць затрыманыя. Пасля ў вызначаным парадку і з улікам усіх абставінаў, якія адносяцца да справы, будзе разгледжанае пытанне аб іх перадачы польскаму боку", — дадаў прэс-сакратар МЗС.
Ён дадаў, што з боку Польшчы дагэтуль не паступіў належным чынам аформлены запыт аб прававой дапамозе па гэтым пытанні, але афіцыйны Мінск пайшоў насустрач.
Выбух на польскай чыгунцы адбыўся 16 лістапада. Польскія спецслужбы выявілі, што арганізавалі яго па заданні расійскіх спецслужбаў грамадзяне Украіны, якія прыехалі з тэрыторыі Беларусі і вярнуліся назад пасля дыверсіі. МЗС Польшчы перадаў беларускаму боку ноту, патрабуючы выдачы падазраваных украінцаў.