Трамп нечакана знайшоў агульную мову з сацыялістам, які называў яго "фашыстам"
Трамп і Мамдані / SBS
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у Белым доме Зохрана Мамдані, нядаўна абранага мэрам Нью-Ёрка. Сустрэча здзівіла шмат каго, бо раней Трамп і Мамдані рэзка крытыкавалі адзін аднаго.
"Мы будзем яму дапамагаць. Мы з ім пагаджаемся па нашмат большай колькасці пытанняў, чым я мог бы падумаць", — сказаў пасля сустрэчы Трамп.
Мамдані, які называе сябе дэмакратычным сацыялістам, прапануе праграму развіцця Нью-Ёрка, якую рэзка крытыкаваў Трамп. Не стрымліваўся ў выказваннях і сам дэмакрат: ён называў прэзідэнта "дэспатам" і "фашыстам".
"Вы гатовыя паўтарыць, што лічыце прэзідэнта Трампа фашыстам?" — запытала журналістка Мамдані наўпрост пры Трампе.
"Нічога страшнага. Можна проста сказаць “так”. Я не супраць", — звярнуўся да мэра Нью-Ёрка прэзідэнт.
"Ну, так", — адказаў Мамдані.
Пасля такога не стрымаліся нават на пратрампаўскім тэлеканале Fox:
"Ну вось што мы ўбачылі. Я думаю, Джэй Дзі Вэнс зайздросціць. Мне здаецца, прэзідэнт хоча ўзяць яго [Мамдані] напарнікам. Яны фантастычна паладзілі", — пракаментаваў відэа з сустрэчы вядоўца.