Ці прыедуць пакістанскія айцішнікі ў Беларусь? Меркаванне эканамісткі

Прафесійны айцішнік можа знайсці працу ў любой краіне / unsplash.com
Ці прыедуць пакістанскія праграмісты ў Беларусь, з якой масава з'язджаюць свае спецыялісты? Меркаваннем на гэты конт у эфіры Еўрарадыё падзялілася экспертка ў галіне дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, магістарка эканомікі Аліса Рыжычэнка.
— Няўжо калі ты добры IT-спецыяліст з Пакістана, твой выбар скіруецца на Беларусь? — сумняецца эканамістка. — Калі ты сапраўды прафесійны IT-спецыяліст з Пакістана ці з любой іншай краіны, у цябе ёсць магчымасць знайсці працу ў любой міжнароднай кампаніі. Паколькі коды пішуцца па-англійску, кожны праграміст так ці інакш павінен валодаць англійскай мовай. А рускай мовай пакістанскія айцішнікі не валодаюць, каб жыць у рэаліях Беларусі. Таму ў мяне вялізныя сумневы, што які-небудзь пакістанскі IT-спецыяліст абярэ Беларусь як месца для працы пры існуючай альтэрнатыве. Добры спецыяліст можа атрымаць усе неабходныя дазволы і паехаць куды заўгодна.
Але вось якраз у сувязі з тым, што цяпер пачынаюцца нейкія вайсковыя дзеянні паміж Пакістанам і Індыяй, больш трэба баяцца, што на гэтай хвалі ў Беларусь прыедуць зусім не тыя спецыялісты.
Якія гарантыі могуць быць, што дакументы аб адукацыі і прафесійным досведзе, якія ёсць у пакістанскіх працаўнікоў, сапраўдныя? Ці не будзе так, што людзі, якія спадзяюцца пакінуць рэгіён ваенных дзеянняў, проста будуць падрабляць свае дакументы пра тое, што яны — нейкія там спецыялісты, для таго, каб пераехаць у Беларусь? Імавернасць таго, што такое можа адбыцца, вельмі высокая. І вось тут ужо пытаньне, што яны будуць рабіць на тэрыторыі Беларусі? Ці будуць яны працаваць па гэтай спецыяльнасці? Як яны будуць працаваць? За што яны будуць тут жыць?
Вось тое, чаго трэба баяцца. Таго, што IT-спецыялісты прыедуць у Беларусь і запоўняць той прабел IT-спецыялістаў, якія з'ехалі з краіны, я не баялася б і нават не думала б пра гэта.
Я не веру ў тое, што ІТ-спецыялісты з Пакістана будуць выбіраць Беларусь у якасці плацдарму для свайго кар'ернага росту.
Раней Еўрарадыё пісала пра тое, што пакістанскіх айцішнікаў агітуюць пераязджаць у Беларусь. На некаторых сайтах з'явіліся вакансіі з прапановамі працы. Замежным спецыялістам абяцаюць высокія заробкі па спецыяльнасцях Software Developer, Web Designer, Network Engineer.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.