Беларуская чыгунка праз недахоп рабочых рук хоча прыцягнуць мігрантаў
Беларуская чыгунка / trainfoto.ru
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі разглядае магчымасць прыцягнення мігрантаў для працы на прадпрыемстве. Такое даручэнне ў жніўні 2025 года было накіравана дзяржаўным органам Беларусі, паведамляе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.
Пасля разгляду даручэння яны накіравалі кіраўніцтву БЧ дакладную запіску, у якой, сярод іншага, былі пазначаны праблемы, што могуць узнікнуць.
Так, напрыклад, адзначаецца, што прыцягненне працоўных мігрантаў можа выклікаць напружанасць у працоўных калектывах і спрыяць іх распаду. Падобная ініцыятыва можа разбурыць карпаратыўную культуру, якая фарміравалася дзесяцігоддзямі.
Акрамя таго, прыцягненне працоўных мігрантаў запатрабуе дадатковых выдаткаў — на пералёт, пражыванне, медыцынскае абслугоўванне і страхаванне.
Адзначаецца, што ўзровень аплаты працы мігрантаў у Беларусі пачынаецца ад 2000 беларускіх рублёў, што адпавядае сярэдняму заробку на БЧ.
Кіраўніцтва дапускае магчымасць выкарыстання працы мігрантаў, аднак лічыць, што да адказных пасад іх дапускаць нельга.