У Вярхоўным судзе сказалі, калі не будуць караць за мат у публічным месцы
Расчараванне, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
За першае паўгоддзе 2025 года да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства было прыцягнута больш за 4000 чалавек. Больш за палову з гэтых выпадкаў звязаныя з выкарыстаннем нецэнзурнай лаянкі ў публічных месцах. Пра гэта дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА расказаў суддзя Вярхоўнага суда Дзмітрый Улога.
Ён дадаў, што дробным хуліганствам лічацца любыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак і выяўляюцца ў відавочным непавазе да грамадства, у тым ліку нецэнзурная лаянка. Аднак суддзі могуць кваліфікаваць мат па-рознаму — залежыць ад шэрагу акалічнасцяў.
Калі грубая нецэнзурная лаянка гучыць у грамадскім месцы і яе чуюць іншыя грамадзяне, гэта кваліфікуецца як дробнае хуліганства. Але для гэтага трэба шэраг крытэраў: дзеянне павінна быць наўмысным (чалавек усведамляе, што парушае грамадскі парадак), яно мусіць адбывацца ў грамадскім месцы і спалучацца з відавочнай непавагай да навакольных.
Калі чалавек мацюкнуўся, калі ў бязлюдным месцы ў цемры стукнуўся аб бардзюр, гэта наўрад ці можна кваліфікаваць як дробнае хуліганства, кажа Улога.
Калі суддзя палічыць правапарушэнне нязначным і вырашыць, што нецэнзурная лаянка не прычыніла істотнай шкоды навакольным, ён мае права вызваліць парушальніка ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.