Індыйца трымаюць у палоне ў Беларусі: сям'і даслалі відэа з пагрозамі
Рахіт і яго сябар / etvbharat.com
Малады мужчына па імені Рахіт з індыйскага штата Хар'яна апынуўся ў палоне ў Беларусі, калі спрабаваў нелегальна трапіць у Італію, паведамляе ETV Bharat.
Выкрадальнікі — меркавана выхадцы з Пакістана — адправілі яго сям'і відэа, на якім збіты і напалоханы Рахіт моліць аб дапамозе. За спіной у хлопца стаяць мужчыны ў масках, якія пагражаюць яму расправай.
— Ён кажа, што яго кінуць блукаць па лесе, калі грошы не будуць адпраўленыя, — распавёў бацька палоннага Манодж Кумар.
Рахіт адправіўся ў дарогу па так званым "асліным маршруце" праз Беларусь, каб наведаць брата ў Італіі. Яго бацька, які працуе таксістам, паведаміў, што заплаціў мясцоваму агенту Віджаю Шарме больш за 11 тысяч даляраў за "бяспечную паездку".
— Мы даўно ведалі агента, таму даверыліся яму. Але цяпер ён не адказвае на званкі і знік, — распавёў Манодж.
Пасля таго, як сын перастаў выходзіць на сувязь, сям'я атрымала відэа з пагрозамі і ў паніцы перавяла выкрадальнікам 1300 даляраў, аднак тыя патрабуюць яшчэ 300.
У паліцыі індыйскага штата Хар'яна пацвердзілі, што заява ад сям'і паступіла і распачатае расследаванне.
— Справа будзе расследаваная, і да вінаватых прымуць строгія меры, — заявіў прадстаўнік паліцыі Нарэш Кумар.
Сваякі Рахіта цяпер спадзяюцца, што ўлады Індыі звяжуцца з беларускім бокам, каб дапамагчы вярнуць хлопца дадому.