Пасля развязання праблемы з аэрастатамі мяжу з Беларуссю варта адкрыць — Олекас

Юозас Олекас

Юозас Олекас / lrt.lt

Як толькі праблему з кантрабандысцкімі метэазондамі з Беларусі ўдасца развязаць, мяжу трэба адкрыць, мяркуе старшыня літоўскага Сейма Юозас Олекас. Ён звяртае ўвагу, што апошнімі днямі паветраных шароў з тэрыторыі Беларусі не было.

"Незалежна ад рэакцыі беларускага рэжыму, мы ўсё роўна хочам, каб жыццё працягвалася, і межы калі-небудзь зноў былі адкрытыя", — перадае LRT словы сацыял-дэмакрата Олекаса.

На яго думку, хоць закрыццё мяжы дае эфект ва ўтаймаванні кантрабандыстаў, але перашкаджае людзям жыць нармальным жыццём.

"Мы хацелі б, каб гэтая мяжа была адкрыта, каб нашы людзі маглі падарожнічаць, каб нашы перавозчыкі маглі дабрацца да гэтых пунктаў, /.../ таму што праз яе праходзяць грузы з усёй Цэнтральнай Азіі", — тлумачыць палітык.

Тыдзень таму літоўскі ўрад прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Гэта адбылося пасля шэрагу масавых запускаў аэрастатаў з кантрабандай — у некаторых выпадках было запушчана больш за 200 паветраных шароў. У выніку за тыдзень чатыры разы зачыняліся літоўскія аэрапорты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.