Пашынян і Аліеў падпісалі дэкларацыю аб урэгуляванні канфлікту

Пашынян і Аліеў падпісалі дэкларацыю аб урэгуляванні канфлікту

Пашынян і Аліеў падпісалі дэкларацыю аб урэгуляванні канфлікту

У Вашынгтоне Арменія, Азербайджан і ЗША дамовіліся аб лёсе спрэчнага Зангезурскага калідора. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб падпісанні эксклюзіўнага пагаднення: маршрут, які праходзіць праз поўдзень Арменіі, пераходзіць пад кіраванне ЗША на 99 гадоў і атрымлівае новую назву — "Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту".

На трохбаковай сустрэчы ў сталіцы ЗША сабраліся прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян і амерыканскі лідар Дональд Трамп. Менавіта тут Ерэван і Вашынгтон падпісалі пагадненне, якое, паводле амерыканскага боку, здымае галоўны бар’ер на шляху да мірнага дагавора паміж дзвюма краінамі Паўднёвага Каўказа.

"Гэта гістарычная сустрэча паміж Арменіяй і Азербайджанам", — заявіў Трамп на цырымоніі падпісання. Ён падкрэсліў, што ключавая праблема — выкарыстанне транспартнага калідора паміж Азербайджанам і яго анклавам Нахічаванню — вырашана.

"Мы ўрэгулявалі ключавое пытанне, якое зрывала папярэднія перамовы. У гэтай дэкларацыі замацавана назва калідора, якая з’яўляецца вялікім гонарам для мяне, хоць я гэтага і не прасіў: “Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту”, — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.

Трамп таксама паведаміў, што ў найбліжэйшыя гады амерыканскія кампаніі будуць актыўна інвеставаць у праект: "Яны вельмі хочуць прыйсці ў гэтыя дзве краіны. І збіраюцца ўкласці шмат грошай, што прынясе эканамічную карысць усім тром нашым дзяржавам".

Акрамя таго, ЗША падпісалі з Арменіяй і Азербайджанам двухбаковыя пагадненні аб пашырэнні супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, гандлю і тэхналогій, уключаючы штучны інтэлект.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.