Пасажырам мінскага метро дадуць дадатковы талон

Мінскі метрапалітэн збіраецца 11 сакавіка правесці абследаванне пасажырскіх плыняў. Як паведамляюць "Мінск-навіны", пры ўваходзе на станцыю супрацоўнікі метро выдадуць кожнаму пасажыру рэгістрацыйны талон, На ім будзе пазначаны нумар станцыі і парадкавы нумар. Пры выхадзе талончык трэба будзе здаць.

Падчас абследавання на станцыях і ў вагонах будуць вывешаныя інфармацыйныя ўлёткі, дзе патлумачаць мэту акцыі. Акрамя таго, з гучнагаварыцеляў будуць гучаць адпаведныя аб'явы.

Як тлумачаць у метро, акцыя ладзіцца для таго, каб удасканаліць графік руху цягнікоў, вызначыць сярэднюю дальнасць паездкі пасажыраў, інтэнсіўнасць пасажыраплыняў на ўсіх участках 1-й і 2-й ліній метрапалітэна. Акрамя таго, будзе вывучацца і колькасць пасажыраў, якія карыстаюцца перасадкай паміж станцыямі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская".

Фота — minsknews.by