“Папяровы” парламент: чаму дэпутаты не карыстаюцца планшэтамі?
Кожны закон “ксерыцца” для ўсіх зацікаўленых дэпутатаў. Гэта тоны паперы!
На сайце Палаты прадстаўнікоў часта з’яўляюцца фатаграфіі з пасяджэнняў, якімі багатае жыццё дэпутата. І ведаеце, што? На сталах перад народнымі абраннікамі амаль адсутнічаюць тэхнічныя прылады. Ні камп’ютараў, ні планшэтаў. Толькі паперы. Шмат папер. І чорныя кропачкі тэлефонаў паміж імі.
“Ён тэхнічна падкаваны грунтоўна. Таму што ён карыстаецца ўсім. У яго ўсё ёсць там электроннае, ён жа старшыня камісіі”, — распавядае пра свайго шэфа, старшыню Камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандра Цацоху, яго памочніца Марыя Коржаль. На здымках з пасяджэння гэтай камісіі бачна, што на сталах перад дэпутатамі стаяць маніторы. Але яны… не ўключаныя!
“Разумееце, камп’ютар — гэта проста інструмент, які можа аблегчыць, але можа і ўскладніць працу. А ўся дзейнасць адбываецца ў галаве. З галавой трэба прыходзіць на пасяджэнні, а не з планшэтам! — разважае ў размове з Еўрарадыё сябра Камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў. — Матэрыялы трэба прапрацаваць загадзя, бо падчас пасяджэнняў у вас папросту не будзе часу! Калі вы будзеце сядзець у планшэце і нешта спрабаваць шукаць, гэта будзе выглядаць смешна”.
Уладзіслаў Шчэпаў у парламенце сёлетняга склікання адзін з самых маладых. У яго ёсць нават профіль “ВКонтакте”! Праз пяць хвілін перазвоньваю дэпутату — а ён ужо нагугліў, хто я, і з чым мяне ядуць. Так што папракнуць яго ў несучаснасці не выпадае: працаваць з папяровымі носьбітамі дэпутатам і напраўду зручна.
“Дакумент абавязкова перадаецца ў друкаваным выглядзе з усімі рэквізітамі, каб была дакладная копія. Каб перадаць у электронным выглядзе, патрэбны лічбавы подпіс, які б засведчваўся адпаведнымі тэхналагічнымі рэчамі на ўсіх этапах перадачы. А гэта задача вельмі складаная! Таму, напрыклад, бачылі, як бюджэт Расійскай Федэрацыі ў Думу прыязджаў? На грузавіках!” — дадае дэпутат.
Ёсць у гэтай сітуацыі і недахопы. Па-першае, кожны тэкст трэба размножыць і раздаць усім зацікаўленым дэпутатам. Гэта несупастаўныя выдаткі ў параўнанні з электроннай рассылкай. Па-другое, на вялікія пасяджэнні дэпутатам даводзіцца цягаць з сабой кілаграмы паперы!
Старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык мяркуе, што пасля капітальнага рамонту ў Авальнай зале дэпутаты зробяцца больш лічбавымі. Ён распавядае Еўрарадыё, што ўжо цяпер працуе і з папяровымі, і з электроннымі копіямі дакументаў:
“Калі я працую з тэкставым варыянтам, я не столькі праўкі раблю, колькі раблю вылучэнне колерам. Для мяне гэта зручней. Я і ў электроннай версіі вылучаю маркерам”.
Па словах Генадзя Уладзіміравіча, у парламенце хочаш — не хочаш, а далучышся да высокіх тэхналогій:
Генадзь Пальчык: “Законы знаходзяцца ў лакальнай базе ўнутры парламента. Там можна паглядзець аўтарскую рэдакцыю закона, якія паступалі прапановы і заўвагі — усю працэдуру, пасяджэнні працоўных груп па ўдасканаленні закона. Калі б я не меў магчымасці зайсці ў гэтую базу, шчыра кажучы, я быў бы абяззброены!”
Зусім як у “Вікіпедыі”, дзе заўсёды бачна, хто і як выпраўляў артыкул да цябе. Дарэчы, у Дзяржаўнай думы РФ таксама ёсць “законапедыя”. Але яна публічная! Кожны зацікаўлены можа пачытаць тэкст і сачыць за разглядам закона праз сайт www.duma.gov.ru.
Еўрарадыё вырашыла паглядзець, ці карыстаюцца сучаснай тэхнікай, камп’ютарамі і планшэтамі, дэпутаты ў іншых краінах. Мы ўважліва вывучылі фота з пасяджэнняў камітэтаў Дзярждумы і Сейма Літвы. Тэхнічных прылад у замежных дэпутатаў не больш, чым у беларусаў!
Палата прадстаўнікоў, Дзярждума і Сейм (унізе) абмяркоўваюць бюджэты
Пасяджэнне Камітэта Дзярждумы па навуцы і тэхналогіях. З тэхналогій на сталах мікрафоны
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Дзярждумы абмяркоўваюць пытанні культуры
Маніторы ў залах для агульных пасяджэнняў у Палаце прадстаўнікоў і ў Дзярждуме