Раналду інвеставаў у стартап, заснаваны беларусам
Крышціяну Раналду / Shutterstock
Знакаміты партугальскі футбаліст Крышціяну Раналду зрабіў інвестыцыі ў пошукавы сэрвіс з выкарыстаннем штучнага інтэлекту Perplexity AI. Пра гэта спартовец паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.
"Пераможцы ніколі не перастаюць вучыцца. Ніколі не пераставайце пытацца", — напісаў Раналду і дадаў відэа з анонсам праекта.
На афіцыйным сайце Perplexity ўжо зрабілі асобны раздзел, прысвечаны легендарнаму футбалісту.
Стартап Perplexity заснаваў беларус Дзяніс Ярац з двума партнёрамі ў ЗША. Прыканцы 2024 года яго прызналі адным з самых дарагіх маладых стартапаў. У ліпені 2025-га праект быў ацэнены ў $18 млрд, а ўжо ў верасні яго кошт вырас да $20 млрд, піша Office Life.
У ліпені Perplexity прадставіў дэсктопны варыянт браўзэра з ШІ Comet для Windows і macOS. А нядаўна кампанія выпусціла версію ШІ-браўзэра для прылад на Android. Зараз рыхтуецца версія браўзэра і для iOS, якая павінна выйсці бліжэйшымі тыднямі.
Winners never stop learning. Never stop asking. @perplexity_ai #Ad pic.twitter.com/oDAQcUdSbZ
— Cristiano Ronaldo (@Cristiano) December 4, 2025