Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ID-карткі замест пашпартоў

ID-картка, ілюстрацыйнае фота

ID-картка, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Грамадзянам Беларусі ўжо выдалі больш за 520 тысяч ID-картак. Такую лічбу назваў начальнік Рэспубліканскага цэнтра электронных паслуг Уладзімір Басько.

Біяметрычныя дакументы ў Беларусі выдаюць з 1 верасня 2021 года.

Паводле Басько, далей цэнтр электронных паслуг плануе ўкараніць воблачны лічбавы подпіс. Цяпер ідзе праца над спецыялізаваным праграмным забеспячэннем, якое дазволіць выкарыстоўваць гэтую тэхналогію на мабільных прыладах. Гэта дазволіць працаваць з дзяржаўнымі сэрвісамі праз мабільныя прылады. Спецыяліст удакладніў, што да класічных сродкаў электроннага лічбавага подпісу залічваюцца USB-носьбіты, а таксама мабільныя подпісы і ID-карткі.

Таксама беларускія спецыялісты распрацоўваюць магчымасць выкарыстоўваць ID-карткі без куплі асобных счытвальнікаў. Для гэтага ствараюць універсальнае праграмнае абсталяванне, якое дазволіць выкарыстоўваць мабільныя прылады як счытвальнікі для любых мабільных аплікацый на аснове практычна ўсіх папулярных аперацыйных сістэм. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.