Памёр папа Рымскі Францішак

Папа Рымскі Францішак / pixabay.com
21 красавіка ва ўзросце 88 гадоў памёр папа Рымскі Францішак. Пра гэта паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.
Арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыё Берголья (1936-2025) быў абраны папам Рымскім і ўзяў імя Францішка 13 сакавіка 2013 года. Ён стаў першым у гісторыі папам з Новага Свету і першым за больш як 1200 гадоў папам не з Еўропы.
Да абрання на папскі сталец ён быў рэлігійным дзеячам у Аргенціне, меў статус доктара багаслоўя.
Апошнія месяцы папа Францішак моцна хварэў: яго нават падключалі да штучнай вентыляцыі лёгкіх. 14 лютага яго шпіталізавалі ў выніку інфекцыі, якая прывяла да двухбаковай пнеўманіі. Папу выпісалі з бальніцы 23 сакавіка. Лекары казалі, што яму спатрэбіцца як мінімум два месяцы адпачынку ў сваёй рэзідэнцыі для рэабілітацыі арганізму.
У апошняй сваёй прамове — учора на Вялікдзень — 88-гадовы пантыфік заклікаў да вызвалення вайсковапалонных і палітвязняў. Але не згадаў Беларусь у пераліку краінаў, дзе ёсць падобныя праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.