Паміж Беларуссю і Расіяй адмянілі плату за роўмінг

Цяпер стэлефаноўвацца можна часцей / Калаж Еўрарадыё
Роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй адменены. Цяпер абаненты могуць карыстацца мабільнай сувяззю на аднолькавых умовах у абедзвюх краінах па так званаму камфортнаму тарыфу. Гэта тычыцца званкоў, паведамленняў і мабільнага інтэрнэту.
Па словах міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, камфортны тарыф роўмінгу прадугледжвае 150 хвілін на ўваходныя званкі, 150 хвілін на выходныя і 5 ГБ інтэрнэту пры ўмове, што тарыфны план іх уключае. Калі ў абанента ёсць на "рахунку" бясплатныя хвіліны для званкоў у іншыя сеткі, то 150 з іх могуць быць скарыстаны ў роўмінгу на выходныя выклікі.
Калі бясплатныя хвіліны на выходныя выклікі скончыліся, то ідзе тарыфікацыя па 22-27 капеек за хвіліну (кошт залежыць ад аператара). Кошт уваходных званкоў у роўмінгу (звыш належных бясплатных 150 хвілін) — 11 капеек за хвіліну. 5 ГБ мабільнага інтэрнэт-трафіка на льготных умовах абыдзецца ў Br4 за 1 ГБ.
Пры перасячэнні мяжы аператары будуць папярэджваць абанентаў пра магчымасць падключыцца да тарыфу.
Звярніце ўвагу, што хвіліны даюцца ў рамках таго тарыфнага плана, які ёсць у абанентаў — вось такое абмежаванне.
— Гэта значыць, калі ў абанента няма хвілін, умоўна кажучы, ва ўсе сеткі, то і ў роўмінгу іх не будзе, — тлумачыць Шульган.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.