Палова з 26 “прадажных” футбалістаў са спіса Федэрацыі аказаліся проста сведкамі

Палова з 26 “прадажных” футбалістаў са спіса Федэрацыі аказаліся проста сведкамі

Поўны спіс усіх, хто праходзіць па справе аб маніпуляцыі вынікамі футбольных матчаў, апублікаваны на сайце Беларускай федэрацыі футбола. У спісе 26 прозвішчаў тых, хто “ў той ці іншай ступені мае дачыненне да супрацьпраўных дзеянняў”. Што праўда, двое з іх не маюць ніякага дачынення да футбола. Як стала вядома Еўрарадыё, толькі 15 з указаных у спісе 26 чалавек — абвінавачаныя. У астатніх статус “сведак”.

У Следчым камітэце інфармацыі пра тое, хто з апублікаванага спісу ў якім статусе знаходзіцца, не даюць. Не ведаюць гэтага і ў Федэрацыі футбола.

“У дакументах, якія нам перадалі (са Следчага камітэта — Еўрарадыё), градацыі такой няма — там проста распісаны механізм (маніпуляцый вынікамі матчаў — Еўрарадыё). І ўсе людзі, пералічаныя ў нашым матэрыяле на сайце, у той ці іншай ступені там фігуруюць. А ступень іх удзелу ў махінацыях, хто больш, а хто менш, будуць высвятляць дысцыплінарныя органы”, — кажуць Еўрарадыё ў прэс-службе Федэрацыі футбола.

Па інфармацыі Еўрарадыё, тым, хто праходзіць па справе сведкамі, следчыя выдалі адпаведныя даведкі. У Федэрацыі футбола гавораць, што будуць разглядаць справу кожнага, незалежна ад статусу, на дысцыплінарным камітэце.

Справа аб маніпуляцыі вынікамі футбольных матчаў ужо перададзеная ў органы пракуратуры і неўзабаве адтуль будзе перанакіраваная ў суд.