Пахаванне папы Рымскага адбудзецца ў суботу

Труна з целам папы Францішка

Труна з целам папы Францішка / Reuters

Пахаванне папы Рымскага Францішка адбудзецца ў суботу, 26 красавіка. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву Ватыкана.

23 красавіка цела памерлага папы выставяць у саборы Святога Пятра, каб вернікі маглі аддаць яму даніну павагі.

У сваім запавеце папа Францішак пажадаў, каб яго пахаванне праходзіла менш урачыста, чым звычайна, адзначае Бі-Бі-Сі. Яно павінна быць падобнае да пахавання звычайнага хрысціяніна. Яго цела ў саборы Святога Пятра выставяць не на катафалку па-за труной, а ў труне са знятым вечкам.

Таксама пантыфік загадаў не праводзіць урачыстую цырымонію запячатвання труны. Ён папрасіў пахаваць яго ў простай драўлянай труне, абабітай цынкам, і не ў саборы Святога Пятра, а ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме.

Сёння Ватыкан апублікаваў фота папы Францішка ў адкрытай труне, апранутага ў чырвоную мантыю з папскай мітрай на галаве і ружанцам у руцэ.

Папа Рымскі Францішак памёр 21 красавіка ва ўзросце 88 гадоў. Папскі пасад ён займаў 12 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.