Быў за 30 км ад РБ, але не заехаў. Што Папа Францішак казаў пра нашу краіну

Папа Рымскі Францішак / vaticannews.va
Учора Папа Францішак з'явіўся на балконе сабора Святога Пятра ў Ватыкане і пажадаў шчаслівага Вялікадня тысячам вернікаў. Ён быў у інвалідным крэсле, але памахаў рукой радаснаму натоўпу і сказаў:
"Дарагія браты і сёстры, шчаслівага Вялікадня!”
Сёння Папы Рымскага Францішка не стала. Ён быў першым за тысячу гадоў Папам нееўрапейскага паходжання. Пантыфік распарадзіўся зрабіць цырымонію свайго пахавання прасцей. А яшчэ ён вельмі любіў футбол і з дзяцінства заўзеў за каманду з роднага Буэнас-Айрэса.
"Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўсеагульнай любоўю, асабліва на карысць самых бедных і маргіналізаваных", — кажуць у Ватыкане.
Папу шпіталізавалі 14 лютага 2025 года з бранхітам. Пазней у яго знайшлі двухбаковую пнеўманію. Нягледзячы на хваробу, у апошнія некалькі месяцаў ён з'яўляўся перад вернікамі. Адзін раз — на балконе рымскай бальніцы, а ў пачатку красавіка — на плошчы Святога Пятра. Ён быў на інвалідным крэсле, з дыхальнай трубкай пад носам, і ўсё ж вітаў прысутных на плошчы вернікаў.
Сёння Еўрарадыё ўспамінае, што Папа Францішак гаварыў пра Беларусь, пра войны і пра мір.
"Мае думкі звяртаюцца да дарагой Беларусі"
Яшчэ летам 2020 года Папа сказаў, што ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі, і заклікаў да дыялогу.
"Мае думкі звяртаюцца да дарагой Беларусі. З увагай я сачу за паслявыбарчай сітуацыяй у гэтай краіне і заклікаю да дыялогу, адмовы ад гвалту і павагі справядлівасці і права", — казаў Пантыфік у сярэдзіне жніўня.

А ў верасні ў Мінск прыехаў архіепіскап Галахер. Ён прыехаў, "каб прадэманстраваць увагу і блізкасць Святога Айца да Каталіцкай Царквы і ўсёй краіны". Пра гэта гаварылася ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду.
У тым жа годзе арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці перадаваў Аляксандру Лукашэнку занепакоенасць кіраўніка каталіцкай царквы сітуацыяй у нашай краіне.
А калі на мяжы Польшчы і Беларусі разгарнуўся міграцыйны крызіс, Папа распарадзіўся накіраваць грошы на дапамогу мігрантам праз польскі і літоўскі філіялы дабрачыннай арганізацыі Caritas. Узімку, у пандэмію людзі затрымаліся ў лесе і сталі ахвярамі штучна справакаванага крызісу. За грошы Ватыкана для іх купілі лекі, прадукты і цёплую вопратку.

“Я адчуваю боль ад навін пра сітуацыю, у якой апынуліся многія з іх: тыя, хто загінуў у Ла-Маншы; тыя, хто знаходзіцца на беларускай мяжы, сярод якіх шмат дзяцей; тыя, хто тоне ў Міжземным моры. Столькі болю прыносяць думкі пра іх", — казаў Папа Францішак.
А яшчэ папа Францішак абавязаў Каталіцкую царкву безумоўна падтрымаць адмену смяротнай кары ва ўсім свеце. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да асуджаных прымяняецца гэтая вышэйшая мера пакарання.
У 2016 годзе да Папы Рымскага прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. З той сустрэчы ў яго павінна захоўвацца выява аліўкавага дрэва. Сустрэча адбылася неўзабаве пасля заключэння "Мінскіх пагадненняў", і аліва павінна была сімвалізаваць мір.
З тых часоў беларускія чыноўнікі і Лукашэнка неаднаразова запрашалі Папу ў Беларусь, але Пантыфік так і не прыехаў. Найбліжэйшае месца, якое ён наведаў — Вільня. Тады, у 2018 годзе каля 2 тысяч беларускіх вернікаў паехалі ў Літву на сустрэчу з ім.
Велікодная гаворка пра мір
Учора Папа Францішак звярнуўся з традыцыйным вітаннем "Гораду і міру". Папа выглядаў слабым, ён зноў быў у інвалідным вазку, і ягоную прамову зачытаў арцыбіскуп Дыега Равелі.
У гэтай прамове шмат было сказана пра мір.
"Не можа быць міру без свабоды веравызнання, свабоды думкі, свабоды выказвання і павагі поглядаў іншых", — гаварылася ў прамове Папы.
Гаворачы пра вайну ва Украіне, ён заклікаў усіх прыкласці намаганні для дасягнення "справядлівага і трывалага міру". Папа казаў і пра канфлікт у Газе, заклікаючы вызваліць закладнікаў, спыніць агонь і даць доступ да гуманітарнай дапамогі. Ён маліўся і за мірнае пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам, і за хрысціян, якія не могуць свабодна жыць у сваёй веры на афрыканскім кантыненце.

Ён заклікаў краіны выкарыстоўваць свае рэсурсы не для пераўзбраення, а для барацьбы з голадам і клопату адзін пра аднаго. Папа заклікаў усіх, хто займае адказныя палітычныя пасады, выкарыстоўваць рэсурсы для дапамогі тым, хто мае патрэбу, змагацца з голадам і заахвочваць ініцыятывы, якія спрыяюць развіццю.
Ён скончыў сваю прамову словамі, што Вялікдзень можа стаць добрай нагодай для вызвалення ваеннапалонных і палітычных зняволеных.
"Якую вялікую прагу смерці, забойствы мы назіраем кожны дзень. Хай прынцып гуманнасці ніколі не перастане быць адметнай рысай нашых паўсядзённых дзеянняў".
Звяртаючыся да вернікаў у галоўнае хрысціянскае свята, Папа сказаў: зло не знікла з гісторыі і назаўжды застанецца з ёй. Але "яно больш не кіруе; яно больш не мае ўлады над тымі, хто прымае ласку гэтага дня".
Простае пахаванне
Папу Францішка палюбілі за ягоную прастату і чалавечнасць.
Ён нарадзіўся ў Аргентыне і быў старэйшым з пяці дзяцей. Ён захапляўся танга і быў заўзятарам мясцовага клуба "Сан-Ларэнца". Больш за 30 апошніх гадоў Папа не глядзеў тэлевізар, але яму заўсёды дакладвалі вынікі матчаў.
Папа апавядаў, што футбол навучыў яго пакоры. На вуліцах Буэнас-Айраса не заўсёды можна было знайсці скураны мяч, таму дзеці рабілі яго з анучаў.
"Я не быў вельмі добры ў гульні, таму мяне заўсёды ставілі ў браму", — успамінаў Пантыфік.

У маладосці ён працаваў вышыбалам у начным клубе, а потым атрымаў дыплом хіміка-тэхнолага.
Нават стаўшы Папам Рымскім, ён паводзіўся вельмі проста і не атачаў сябе веліччу. Апранаўся ў простую белую вопратку, стараўся ездзіць не на папскім лімузіне, а ў аўтобусе, які развозіў іншых кардыналаў па дамах.
І пахаванне яго таксама будзе больш простым, чым было прынята раней.
Папярэдніх Пантыфікаў хавалі ў трох укладзеных адну ў адну трунах. Адну выраблялі з кіпарысу, другую — з свінцу, трэцюю — з дубу. Папа Францішак абраў адну простую драўляную труну, абабітую цынкам.
А яшчэ ён пастанавіў адмяніць традыцыю, па якой цела Папы змяшчалася на ўзвышэнні ў саборы Святога Пятра, каб усе маглі яго бачыць. Вернікі змогуць развітацца з Пантыфікам, пакуль ягонае цела будзе проста заставацца ў труне са знятым вечкам.
Папа Францішак будзе першым Пантыфікам за стагоддзе, пахаваным за межамі Ватыкана. Ён знойдзе вечны спачын у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, адной з чатырох галоўных папскіх базілік у Рыме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.