Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі

Кіраўніцтва ABBA: Серж Наўродскі, Марына Гірын і Яўген Буры

Кіраўніцтва ABBA: Серж Наўродскі, Марына Гірын і Яўген Буры / Association of Belarusian Business Abroad

У сярэдзіне лютага ў Бруселі адбыўся запуск праекта Belarusian Diaspora Initiative (Беларуская дыяспарная ініцыятыва — БДІ). У яе ўвайшло некалькі беларускіх арганізацый і ініцыятыў замежжа. 

Еўракамісія дасць стваральнікам 3 мільёны еўра на тры гады для развіцця і ўмацавання пазіцый прадпрымальніцтва ў еўрапейскім асяродку. 

Еўрарадыё паразмаўляла з віцэ-прэзідэнткай Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Марынай Гірын пра тое, на што гэтыя грошы будуць выдаткаваны і як будзе выглядаць працэс дапамогі беларускаму бізнесу за мяжой.

 

— Еўракамісія выдала вам на тры гады тры мільёны еўра на падтрымку беларускага бізнесу. На што пойдуць гэтыя грошы?

— Грошы былі выдадзеныя кансорцыуму, у які ўваходзіць шэраг арганізацый: ABBA, Imaguru і Belbiz. Таксама гэта інстытуцыі з іншых краін: Польская гандлёва-прамысловая палата, Літоўская гандлёвая палата, Эстонская гандлёва-прамысловая палата, Каўнаская палата гандлю, прамысловасці і рамёстваў. Галоўная ў гэтым кансорцыуме —  Еўрапейская гандлёва-прамысловая палата.

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
Яўген Буры і Марыя Гірын (па цэнтры) / Association of Belarusian Business Abroad

Еўракамісія хоча, каб беларускія кампаніі мацней інтэграваліся ў еўрапейскае асяроддзе, развіваліся, бо ў будучыні мы зможам больш уплываць на развіццё і перамены ў Беларусі. Падтрымка прадугледжвае шмат інтэграцыйных праграм, і ў кожнай краіне будуць пэўныя падзеі. 

Асноўная — гэта менавіта інтэграцыя, знаёмства беларускіх бізнесаў з еўрапейскімі калегамі, якія ўваходзяць у еўрапейскія бізнес-аб’яднанні і прафесійныя сеткі. Гэта будзе правядзенне агульных праграм, воркшопаў.

Мы будзем рабіць наш форум раз на год. У АBBA таксама плануюцца конкурсы. Мы ўсе ведаем пра Free Belarus Business Award, створаную два гады таму. І яна будзе па-іншаму выглядаць. Там не будзе фінансавай узнагароды, але будзе адукацыйная, плюс на аплату пэўных курсаў для бізнесоўцаў. 

Падрабязнасцяў не расскажу, бо цяпер узгадняюцца дэталі. Сачыце за нашымі навінамі ў сацсетках.   

— Я так разумею, сродкі будуць выкарыстаныя толькі на правядзенне публічных падзей? Ці на нешта іншае таксама?

— Насамрэч, калі разабрацца, калі мы бяром тры гады і дзелім сродкі на ўсіх партнёраў, то атрымліваецца не так шмат грошай на рэалізацыю праектаў. 

У рамках кансорцыума ў кожнага партнёра будуць свае задачы і свой удзел у праекце. Кожны будзе адказваць за свае кірункі працы і праграмы інтэграцыі.

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
АBBA на першым Беларускім бізнес-форуме в Вашынгтоне, 1 сакавіка 2024 года / Association of Belarusian Business Abroad

У межах асацыяцыі ABBA мы працягнем правядзенне штогадовых форумаў, як гэта рабілі раней. Нас чакае вялікая колькасць воркшопаў, выязных мерапрыемстваў у Польшчы, а таксама актыўная інтэграцыя беларускіх бізнесаў у мясцовыя бізнес-супольнасці.

Акрамя таго, мы і далей будзем праводзіць конкурс Free Belarus Business Award, які ўжо стаў важнай часткай нашага праекта.

Я магу сказаць, чаго дакладна з нашага боку не будзе. Не будзе фінансавых, юрыдычных і падатковых кансультацый. Цягам двух гадоў, што мы працуем, шмат беларусаў праз іх прайшло — і мы маглі гэта аплачваць. 

Яны для нас былі недарагія, гадзіну кансультацый мы аплачвалі па мінімальнай стаўцы  200 злотых. На рынку польскіх паслуг гэта каштавала нашмат даражэй. Кансультацыі ў нас мелі вельмі вялікі попыт.

І цяпер мы будзем размаўляць, магчыма, у межах Асацыяцыі, калі нашы кансультанты выкажуць такое жаданне і будуць праводзіць кансультацыі бясплатна, а мы, як арганізатары, гэта зробім.

Гэта таксама працэс, які патрабуе часу, каб наладзіць усе механізмы і прадумаць спосабы аўтаматызацыі. Магчыма, частка паслуг будзе прапаноўвацца на платнай аснове — бізнесоўцы змогуць самастойна аплачваць кансультацыі, калі ў іх узнікне такая патрэба.   

Пакуль мы іх аказваем, гэта будзе да лета. Потым у межах кансорцыума іх не будзе. 

— Сярод мэтаў новай ініцыятывы — спрыянне пераемнасці і росту беларускай бізнес-супольнасці ў выгнанні. Патлумачце, што маецца на ўвазе пад пераемнасцю і ростам супольнасці.

— Мы з нашым бізнесам працуе вельмі даўно. Кампаніі адкрываюцца, развіваюцца, хтосьці закрываецца — ёсць і такія выпадкі. У асноўным яны ўсё роўна існуюць, развіваюцца ў краінах, дзе знаходзяцца. І амаль ва ўсіх аднолькавая праблема — яны шукаюць кліентаў у сваім асяроддзі, дыяспаральным. 

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
Cустрэча прадпрымальнікаў ва Уроцлаве / Association of Belarusian Business Abroad

І самая складаная праблема — выйсці на мясцовы рынак і знайсці кліентаў. Бо ўсё яшчэ застаецца пэўнае ўспрыманне: нават калі людзі рэлакаваліся і добра валодаюць, напрыклад, той жа польскай мовай, нашыя славянскія акцэнты часам становяцца перашкодай. Акрамя таго, недастатковае веданне мясцовага маркетынгу таксама стварае цяжкасці. У выніку польскі бізнесовец часцей абярэ суайчынніка, чым эмігранта.

І наша задача цяпер — каб як мага больш беларускіх бізнесаў магло інтэгравацца ў бізнес-супольнасці тых краін, дзе яны цяпер знаходзяцца: Польшчы і краін Балтыі. Мы паглядзім, там ёсць выезды інтэграцыйныя, міжнародныя. 

Таксама беларускаму бізнесу за мяжой не хапае кантактаў з мясцовымі ўладамі, і мы актыўна працуем над гэтым пытаннем. У мінулым праекце мы паспяхова заклалі трывалую аснову для гэтай супрацы, арганізаваўшы шэраг выездаў па розных гарадах Польшчы: Беластоку, Катавіцах, Гданьску, Познані і Вроцлаве.

Сёння мы мэтанакіравана працуем з рэгіёнамі, арганізоўваем рэгулярныя выязныя мерапрыемствы, умацоўваем сувязі з партнёрамі ў Польшчы, Літве і іншых краінах. 

Акрамя таго, мы актыўна дзелімся кантактамі і наладжваем узаемадзеянне з беларускімі прадпрымальнікамі ў ЗША. Таму я заахвочваю прадпрымальнікаў звяртацца да нас, калі ёсць пытанні. 

— У апісанні праекта гаворыцца, што БДІ будзе дапамагаць бізнесоўцам у выхадзе на еўрапейскія рынкі, а таксама прапаноўваць паслугі ў лабіяванні, фінансаванні і адукацыі. Растлумачце, як уся гэта падтрымка будзе выглядаць.

— Што да лабіявання інтарэсаў беларускага бізнесу, то гэта наша асноўная функцыя, якая пазначаная ў дзейнасці Асацыяцыі. 

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
Флагі краін-чальцоў Еўрасаюзу каля будынку Еўрапарламенту ў Страсбургу / Getty Images

Лабіяваннем мы перыядычна займаемся, і ёсць розныя прыватныя кейсы, але гэта працуе для чальцоў, якія да нас далучыліся. Мы даём лісты падтрымкі для міжнароднай аховы, лісты падтрымкі для партнёраў, каб з беларускім бізнесам працавалі, нягледзячы на вайну.

Што да адукацыі, то мы працягваем супрацу з праграмай “Мост” для беларусаў. Мы дапамагалі ў афармленні самой заяўкі, давалі рэкамендацыйныя лісты ад Асацыяцыі. 

Таксама спрабуем наладзіць супрацу з універсітэтамі, напрыклад, з Варшаўскім, у напрамку лінгвістыкі. Магчыма, зможам дамовіцца на спецыяльны моўны курс з арыентацыяй на бізнес-лексіку і па спецыяльнай цане для нашых чальцоў.   

— Справа бізнесу — зарабляць. Ці значыць, што беларускі бізнес у выгнанні настолькі няўстойлівы, што не здатны сябе забяспечыць самастойна?

— Вядома, калі чалавек пачынае бізнес, ён і мусіць разлічваць на сябе. Да нас перыядычна звяртаюцца з запытамі на фінансавую падтрымку. Кожны дзень нехта піша. 

Я, вядома, не хачу нікога крыўдзіць, але калі да мяне звяртаецца чалавек, які нават не запісвае сваёй ідэі, не фармулюе элементарных рэчаў — для чаго яму патрэбныя грошы, у якой колькасці, на які тэрмін, — узнікае вялікае пытанне: а ці здольны гэты чалавек весці бізнес?

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
Cустрэча чальцоў ABBA / Association of Belarusian Business Abroad

Бо, шчыра кажучы, я не ведаю ніводнай установы ў свеце, якая проста так раздавала б грошы тым, хто іх просіць.Таму калі я чую “а дайце грошы”, у мяне ўзнікае пытанне: а ці можа гэты чалавек весці бізнес? Вядома, калі ты ў самым пачатку сваёй дзейнасці ў іншай краіне, узнікае шмат нюансаў. 

Ты альбо спрабуеш сам, марнуючы час, альбо можаш вырашыць свае пытанні ў нас праз кансультацыю, правільна скласці дамову працы, зэканоміць час і не нарабіць памылак.

І тут хачу падкрэсліць, што калі да нас звяртаюцца бізнесоўцы, якія маюць выразную ідэю, якія дакладна прапісваюць бізнес-план, то падзяліцца гэтымі магчымасцямі з супольнасцю для нас зусім нескладана. Мы толькі рады дапамагаць, нават калі гэта не дае нам прамой выгады. Мы заўсёды гатовыя падтрымаць.

Прасіце дапамогі ў сваіх суайчыннікаў, якія гэты бізнес вядуць. Людзі дастаткова адкрытыя да размовы, проста ідзіце на нэтворкінгі, вучыцеся там сябе прадаваць і прэзентаваць, звяртайцеся да нас.     

— Кампанія Lodka Productions напісала ў LinkeIn, што ABBA не заплаціла ёй за стварэнне супольнага відэапраекта. Выкладзіце сваю пазіцыю па гэтай сітуацыі. Як вы збіраецеся яе вырашаць?

— На гэта пытанне я адкажу каротка. 

Так, мы працавалі з гэтай кампаніяй, была падпісаная дамова на выкананне пэўнага аб’ёму працы. На сённяшні момант яе прадстаўнікі гэтага аб’ёму не зрабілі.

У пачатку гэтага года падключылі нашых юрыстаў для вырашэння справы і параілі нашым партнёрам дзейнічаць у прававых рамках, у межах юрыспрудэнцыі. І таксама папярэдзілі іх, што за хлуслівую інфармацыю і нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі АBBA будуць карныя наступствы.  

Я не магу адказваць за гэтых людзей, якія там нешта пішуць. Мы вырашаем гэтае пытанне ў судовым парадку і заклікаем нашых падрадчыкаў працаваць у тым жа кірунку. 

На жаль, падыход, які быў абраны Lodka Productions, можа негатыўна адбіцца не толькі на ўдзельніках гэтага канфлікту, але і на рэпутацыі многіх беларускіх бізнесоўцаў у вачах еўрапейскіх партнёраў. Мы перакананыя, што празрыстыя і адказныя дзеянні — ключ да ўстойлівага развіцця бізнесу і захавання даверу ў міжнародным асяроддзі.

— Цяпер на эміграцыі аказваецца ўсё больш былых палітвязняў і іх сем’яў. Ці разглядаюць ваша асацыяцыя і беларускі бізнес агулам магчымасць дапамагаць гэтым людзям нейкім чынам? Напрыклад, у працаўладкаванні.

— У другой палове мінулага года мы актыўна рухаліся ў гэтым кірунку. Мы развівалі платформу “Сёркл” — гэта амерыканская распрацоўка, створаная менавіта для бізнес-кам’юніці. Там можна дадаваць розныя раздзелы, у тым ліку працаўладкавання. 

Мы не паспелі дапрацаваць пэўныя моманты да запуску, тэхнічныя рэчы. Гэтую працу мы планавалі зрабіць праз падтрымку праграмы USAID, якую нядаўна закрылі. 

Таму гэты праект на сённяшні момант прыпынены — сваімі сіламі мы найбліжэйшым часам не зможам яго запусціць. У нас няма на гэта прафесійнага досведу і фінансавання. Але я спадзяюся, што ў нас з’явіцца такая магчымасць: праз валанцёраў ці іншым шляхам. 

Падтрымка беларускага бізнесу за мяжой: як выкарыстаюць 3 млн еўра Еўракамісіі
Папраўчая калонія ў Бабруйску (архіўнае фота) / Tut.by

У нас таксама ёсць прыклады, калі былыя палітзняволеныя адкрывалі ўласны бізнес у Польшчы і Літве. Зусім нядаўна ў мяне была размова з палітзняволеным, якому была патрэбная фінансавая і юрыдычная кансультацыя. 

Аказалася, што хлопец, пакуль сядзеў у турме, думаў пра працу, якой будзе займацца. І там жа напісаў бізнес-план, павывучаў усё што трэба ў сваёй сферы. Ён прыехаў у Польшчу, у яго няма фінансаў, але ён уладкаваўся ў кампанію, якая вырабляе патрэбны прадукт, які ён таксама плануе ствараць. 

Я веру, што ў такіх людзей усё атрымаецца.       

— Ліквідацыя адміністрацыяй Трампа амерыканскай агенцыі USAID нанесла моцны ўдар на беларускіх недзяржаўных СМІ і сацыяльных ініцыятывах. У такі крызісны час беларускі бізнес у эміграцыі гатовы падтрымліваць грамадскія і культурныя ініцыятывы і медыя? 

— Бізнес-супольнасць у ЕС дастаткова вялікая. Цяпер гэта каля 10 тысяч юрыдычных асоб, зарэгістраваных грамадзянамі Беларусі. Але да большасці з іх у нас няма доступу. 

Калі мы прыязджаем на сустрэчы ў той ці іншы горад, прыходзяць прадпрымальнікі, якія там доўга жывуць, але пра нас нічога не ведалі — настолькі яны далёкія ад палітыкі і не сочаць за інфармацыяй. 

Таму тут трэба падумаць, як гэта прасоўваць у СМІ, каб праінфармаваць большую колькасць не ўцягнутых у працэсы эмігрантаў.  

Але тыя арганізацыі і прадпрымальнікі, якіх я ведаю, дапамагаюць: працаўладкоўваюць, дапамагаюць фінансава, афармляюць падпіску на СМІ і сацыяльныя праекты. Гэта многія робяць.

Сітуацыя з USAID вельмі непрыемная, але, з іншага боку, у кожнай працы патрэбны аўдыт. І ў гэтым нічога дрэннага не бачу, акрамя таго, наколькі рэзка гэта было зроблена. 

Бізнес лічыць кожную капейку, і калі мы хочам атрымліваць нешта ад бізнесу, трэба паказваць сваю празрыстасць — на што выдаткаваць грошы, які вынік будзе і г.д. 

Мы самі так працавалі, тлумачачы, што нам трэба, каб правесці бізнес-форум: арэнда, гук, святло, кейтэрынг, абсталяванне — усё распісвалі да дробязяў. І ўсё спрацоўвала — знайшліся спонсары, якія ўзялі на сябе пэўныя выдаткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.