П'яны беларускі дальнабойнік перакрыў трасу пад Уроцлавам

ДТЗ пад Уроцлавам / паліцыя Польшчы
Зранку 3 кастрычніка рух на трасе A8 пад польскім Уроцлавам быў паралізаваны сур'ёзнай аўтааварыяй з удзелам грузавіка.
Як паведамляе польская паліцыя, каля 6-й гадзіны раніцы 44-гадовы кіроўца грузавіка Scania урэзаўся ў раздзяляльную агароджу. У выніку аварыі аўтамабіль развярнула папярок дарогі і рух у Варшаву быў цалкам заблакаваны. Таксама фура збіла слуп: ён зваліўся на сустрэчную паласу, ускладніўшы рух з Варшавы ва Уроцлаў.
Выявілася, што за рулём фуры знаходзіўся беларус. Падчас аварыі ён атрымаў траўмы, медыкі аказалі яму дапамогу. Пры праверцы алкатэстэрам высветлілася, што мужчына быў моцна п'яны — прылада паказала два праміле алкаголю.
Паводле папярэдняй інфармацыі, беларус спрабаваў з'ехаць з развязкі, але не справіўся з кіраваннем, што і прывяло да аварыі.
Затор на трасе ў бок Уроцлава расцягнуўся на 20 кіламетраў. У кірунку з Варшавы рух быў ускладнены на ўчастку каля дзевяці кіламетраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.