Беларуса і паляка затрымалі па падазрэнні ў выкраданні чалавека

Польская паліцыя, ілюстрацыйнае фота

Польская паліцыя, ілюстрацыйнае фота / Policja.pl

Паліцыя польскага горада Закапанэ затрымала беларуса і паляка па падазрэнні ў тым, што яны выкралі 24-гадовага жыхара Лодзінскага ваяводства і трымалі яго ў закладніках. Пра гэта піша польскае выданне Wp.pl са спасылкай на праваахоўнікаў.

Паводле звестак выдання, мужчыны патрабавалі, каб сям'я выкрадзенага вярнула пазыку. Яны здзекаваліся з закладніка, марылі яго голадам, "заткнулі яму рот затычкаю і перавозілі ў багажніку".

Паліцыі ўдалося ідэнтыфікаваць аўтамабіль, у якім перавозілі выкрадзенага паляка. Калі машына спынілася каля крамы ў адным з населеных пунктаў, паліцыянты жорстка затрымалі людзей у аўтамабілі. У салоне, як паведамляецца, былі 36-гадовы грамадзянін Беларусі, 30-гадовы грамадзянін Польшчы і выкрадзены мужчына.

Суд пастанавіў адправіць падазраваных пад варту на тры месяцы. Ім пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.