Тры крымінальныя справы пачалі на журналіста Андрэя Мялешку

Андрэй Мялешка / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку
Тры крымінальныя справы пачалі ў Беларусі на журналіста Андрэя Мялешку.
30 верасня яго сястры, якая жыве ў Гродне, затэлефанавалі з мясцовай пракуратуры. Яе папрасілі перадаць брату, каб ён звяртаўся ў камісію па вяртанні, ехаў у Беларусь, пакаяўся, і тады з яго здымуць усе абвінавачанні, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Таксама сястры Мялешкі расказалі, што на яго пачалі тры крымінальныя справы — паводле арт. 361–1 ("стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім"), арт. 361–2 ("фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці"), арт. 361–4 ("садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"). Ніякіх дакументаў сваякам на рукі не далі.
Мялешка не ведае, пра якое "экстрэмісцкае фармаванне" ідзе гаворка. Сілавікі заявілі толькі, што гаворка ідзе пра два яго інтэрв’ю ў 2023 і 2024 гадах медыям, прызнаным у Беларусі "экстрэмісцкімі фармаваннямі".
Акрамя таго, 19 верасня дома ў хворай маці Мялешкі адбыўся ператрус. Сілавікі, якія яго праводзілі, назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна Гродна.
"Ператрус цягнуўся хвілін дваццаць. Супрацоўнік паглядзеў пакой. Сястра сказала, што маіх рэчаў там няма, бо ўжо тройчы быў ператрус — усё, што маглі, ужо забралі", — расказаў журналіст.
Акаўнты Мялешкі ў Інстраграме і тг-канал яго крамы з беларускімі сувенірамі нядаўна трапілі ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Андрэй Мялешка быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2021 годзе пад пагрозай палітычнага пераследу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.