Ваенны эксперт пра налёт дронаў на Еўропу: "Мы збянтэжаныя"

Дрон, фота ілюстрацыйнае / iStock/Olena Bartienieva
Усходнееўрапейскія краіны маюць магчымасць аналізаваць вайсковы вопыт Украіны "з першых рук", кажа Еўрарадыё вайсковы эксперт з Адэсы Аляксандр Каваленка.
"Дзеля нас было дзіўным, калі на тэрыторыю Польшчы заляцелі прымітыўныя дроны-прыманкі і высветлілася, што Варшава не змагла больш адэкватна, без выкарыстання дарагіх сродкаў супрацьпаветранай абароны, перахопліваць гэтыя прымітыўныя кустарныя дроны", — кажа Каваленка.
Паводле яго словаў, марнаваць ракету класа "паветра — паветра" коштам амаль у 2 мільёны долараў дзеля таго, каб збіць дрон коштам у 7,5 тыс. долараў — вельмі неэканомна.
Ён падкрэслівае, што ў Еўропе дагэтуль не створаныя мабільныя агнявыя групы, якія б адказвалі за перахоп паветраных мэтаў.
"Еўропа цалкам не падрыхтаваная да таго, каб адбіваць паветраныя атакі Расіі. Давайце ўявім, што Расія здзейсніць поўнавартасны баявы налёт на краіну Еўропы, падобны на той, які здзяйсняе ў дачыненні Украіны штоноч. Можна разлічваць, што адбітыя будуць два-тры такія налёты. Але будзе змарнавана такая колькасць рэсурсаў, што ў нейкі момант боекамплект будзе вычарпаны, і расійскія дроны-камікадзе пачнуць наносіць большую шкоду", — кажа Каваленка.
Нямецкія вайскоўцы пакуль не могуць збіваць дроны над тэрыторыяй краіны. Гэта прызналі ўлады Германіі, піша Bild. Адзначаецца, што сістэма супрацьпаветранай абароны ў краіне была расфармаваная яшчэ ў 2010 годзе, таму яе фактычна неабходна ствараць нанова.
Ужо некалькі разоў загадкавыя беспілотнікі бачылі над Швецыяй, Даніяй, Літвой і Польшчай. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адмаўляе, што гэтыя беспілотнікі маюць расійскае паходжанне і заяўляе, што “ў Еўропе проста шмат дзівакоў, якія забаўляюцца з дронамі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.