Экс-зорку ХК "Дынама-Мінск" арыштавалі па падазрэнні ў цяжкім нарказлачынстве

Ерэ Каралахці

Ерэ Каралахці / Yle/Tomi Hänninen

Па падазрэнні ў цяжкім нарказлачынстве Хельсінкскі акруговы суд арыштаваў былога зорнага фінскага хакеіста Ерэ Каралахці, піша выданне Yle.

Спартоўца падазраюць у датычнасці да нарказлачынстваў, учыненых у Хельсінкі ў перыяд з 1 чэрвеня па 29 верасня 2025 года. Следства па справе яшчэ працягваецца, пракуратура абавязаная выставіць магчымае абвінавачванне не пазней за 15 студзеня 2026 года.

Адвакат спартоўца Міка Рууттунен у каментары журналістам заявіў, што Каралахці цалкам адмаўляе абвінавачванні. Дэталі падазрэнняў ён раскрываць не стаў, спаслаўшыся на сакрэтнасць матэрыялаў справы.

Ерэ Каралахці заваяваў тры срэбраныя і адзін бронзавы медаль чэмпіянатаў свету, выступаючы за зборную Фінляндыі. Ён гуляў у НХЛ, КХЛ і фінскай СМ-Лізе. У КХЛ ён выступаў з 2011 па 2015 гады: спачатку ў складзе мінскага "Дынама", а потым — у "Ёкерыце".

Дарэчы, у 2007 годзе суд у Фінляндыі ўжо прызнаваў Каралахці вінаватым у набыцці амфетаміну на 10 000 еўра ў Эстоніі і ў дапамозе ў цяжкім нарказлачынстве. Тады яму прысудзілі ўмоўна 1 год і 8 месяцаў. У 2008 годзе спартоўца асудзілі за захоўванне наркотыкаў для асабістага ўжывання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.