Віцебшчына: расце колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі — BELPOL
Ініцыятыва былых сілавікоў атрымала дадзеныя па нарказлачынствах у Віцебскай вобласці за 2025 год / pixabay.com
У Віцебскай вобласці ў 2025 годзе зафіксаваны рост злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, паведамляе BELPOL, які атрымаў у сваё распараджэнне закрытую справаздачу МУС.
За бягучы год выяўлена 352 злачынствы, рост — 3,9%. З іх 153 — факты захоўвання і збыту наркотыкаў непаўналетнімі.
У параўнанні з мінулым годам у 30 разоў павялічылася колькасць наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, канфіскаваных з незаконнага абароту, — з 21,6 кг да 615,8 кг (600 кг перапраўляліся праз Рэспубліку Беларусь транзітам).
Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца псіхатропныя рэчывы, у прыватнасці “альфа-PVP”, “мефедрон”, “4-CMS”.
Колькасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку як ужывальнікі псіхаактыўных рэчываў, — 393 чалавекі. Непаўналетнія — самая ўразлівая група.
У дакуменце фіксуецца некалькі трывожных тэндэнцый:
рэзкі рост колькасці непаўналетніх сярод правапарушальнікаў (у асобныя перыяды — да +44%);
навучэнцы спецыяльных навучальных устаноў учыняюць цяжкія злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў, — ва ўзросце 16–17 гадоў;
расце колькасць падлеткаў, якія стаяць на прафілактычным уліку, аднак эфектыўнасць прафілактыкі ставіцца пад сумнеў, бо паводзіны не змяняюцца.
BELPOL падкрэслівае, што ў справаздачы згадваюцца 22 злачынствы, звязаныя з дзіцячай парнаграфіяй — гэта найбольш закрытая частка дакумента. Прычым частка эпізодаў — распаўсюджванне непаўналетнімі парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.
Гэта значыць, што падлеткі не толькі становяцца ахвярамі — яны ўсё часцей выступаюць пасярэднікамі, часта не ўсведамляючы крымінальных наступстваў, лічыць BELPOL.