Ва Украіне арыштавалі беларуса, які ўдзельнічаў у дыверсіі ў Мачулішчах

Расійскі самалёт, падбіты ў Мачулішчах

Расійскі самалёт, падбіты ў Мачулішчах

У Кіеве затрымалі грамадзяніна Беларусі. Яго падазраюць у незаконным набыцці і захоўванні з мэтай далейшага продажу 2,44 кг асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва PVP. Мужчыну пагражае ад 9 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Сам ён адмаўляе віну.

Як паведамляе Радыё Свабода, гаворка ідзе пра беларуса, які ўдзельнічаў у дыверсіі Службы бяспекі Украіны на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. Тады быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. У Беларусі яго па гэтай справе завочна асудзілі на 15 гадоў зняволення.

Следства па яго справе ва Украіне яшчэ працягваецца, таму Свабода не называе яго імя.

У Галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве журналістам сказалі, што расследаванне пачалі 7 траўня 2025 года. Беларуса спынілі на Гастомельскай шашы ў Кіеве. Да таго паліцыя праводзіла таемныя аператыўныя дзеянні адносна яго. Чым яны былі выкліканыя, у паліцыі не ўдакладнілі.

Як паведамляе следства, калі аўтамабіль спынілі, падазраваны нібыта выкінуў на зямлю тры поліэтыленавыя пакункі. Гэта адбылося 7 траўня каля 12:30. Толькі праз чатыры гадзіны агляду каля правага кола аўтамабіля Toyota Land Cruiser знайшлі тры пакункі "з белым крышталічным рэчывам, якое змяшчала асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва вагой 2044,00 грамаў".

Першыя 24 гадзіны беларуса трымалі ў ізалятары. Потым суддзя прызначыў яму кругласутачны хатні арышт з нашэннем электроннага бранзалета, хаця следчыя прасілі ўзяць мужчыну пад варту. Суд дазволіў яму выходзіць з дому толькі на час паветранай трывогі, але цягам 15 хвілін пасля яе адмены ён абавязаны вярнуцца дадому.

Следчыя плануюць вывучыць усе тэлефонныя размовы падазраванага і маршруты ягонага перамяшчэння, правесці з ім следчы эксперымент, прааналізаваць рух грошай на ягоных банкаўскіх рахунках, каб пацвердзіць або выключыць атрыманне сродкаў за незаконны збыт наркотыкаў, атрымаць рассакрэчаныя матэрыялы таемных следчых дзеянняў.

Беларусу ўжо інкрымінуюць дзейнасць у складзе арганізаванай групы. Але ніякіх звестак пра іншых удзельнікаў такой групы ў дакументах няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.