Ніводнай "чыстай" кропкі з шаўрмой і сушы не знайшлі ў Гомельскай вобласці
Шаўрма, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Спецыялісты Дзяржсаннагляду Гомельскай вобласці за красавік праверылі 65 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія гандлююць шаўрмой, сушы і аналагічнай прадукцыяй. Парушэнні санітарных і гігіенічных нормаў былі выяўленыя ва ўсіх пунктах без выключэння.
У 17 установах санстанцыя знайшла пратэрмінаваныя прадукты, у 30 — прадукцыю без маркіроўкі або з няпоўнай маркіроўкай. У 27 кропках быў нездавальняючы санітарны стан памяшканняў, абсталявання і посуду. У 23 пунктах персанал працаваў без дзейных медыцынскіх даведак ці дакументаў аб праходжанні гігіенічнага навучання.
Паведамляецца таксама, што ў некаторых установах парушалі тэмпературны рэжым захоўвання ежы, выкарыстоўвалі прадукты без пацвярджальных дакументаў аб якасці і бяспецы, працавалі без тэхналагічнай дакументацыі, а таксама дапускалі памылкі пры падрыхтоўцы страў.
Па выніках праверак супрацоўнікі санстанцыі вынеслі 45 прадпісанняў аб прыпыненні вытворчасці і/ці продажу прадукцыі. З продажу было знята больш за 391 кілаграм небяспечных тавараў. 54 прадпісанні аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў былі накіраваныя на прадпрыемствы. На адказных супрацоўнікаў склалі адміністрацыйныя пратаколы.