Нігерыйскую студэнтку дэпартуюць з Беларусі для прафілактыкі

Пасяджэнне па высылцы нігерыйскай студэнткі

Пасяджэнне па высылцы нігерыйскай студэнткі / УУС Віцебскага аблвыканкама

Нігерыйскую студэнтку аднаго з віцебскіх універсітэтаў вырашылі дэпартаваць з Беларусі для прафілактыкі, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.

Дзяўчына навучаецца ў ВНУ з 2021 года. Яна фігуравала ў крымінальнай справе, звязанай з распаўсюдам наркотыкаў. Выявілася, што яна "працаўладкавалася" ў інтэрнэт-краму па распаўсюдзе наркотыкаў на пасаду закладчыцы. Зрэшты, наркотыкі для рэалізацыі яна не атрымала і да непасрэднай працы не прыступіла.

Тым не менш вырашылі выслаць з Беларусі "з мэтай прафілактыкі здзяйснення названай грамадзянкай злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў". Рашэнне было аформленае на пасяджэнні ў актавай зале Першамайскага рУУС Віцебска, куды запрасілі і іншых замежных студэнтаў.

Высланай замежніцы на пяць гадоў забаранілі ўезд у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.