The New York Times: целы на вуліцах Бучы з'явіліся прынамсі з 11 сакавіка
Целы забітых людзей на вуліцах Бучы з'явіліся яшчэ тры тыдні таму, калі горад кантралявалі расійскія вайскоўцы. Пра гэта піша The New York Times, спасылаючыся на відэа і спадарожнікавыя фота.
На відэа, якое зняў 2 красавіка прадстаўнік мясцовай адміністрацыі, бачна мноства цел на Яблунскім завулку.
А спадарожнікавыя здымкі ад кампаніі Maxar Technologies паказваюць, што прынамсі 11 цел ляжалі на вуліцы з 11 сакавіка. Некаторыя з іх — каля меркаванай ударнай варонкі, іншыя — каля кінутых машын, тры целы ляжаць побач з роварамі. У некаторых рукі звязаныя за спінай белай тканінай.
У Расіі заяўляюць, быццам іх вайскоўцы не мелі дачынення да забойстваў мірных грамадзян у Бучы. Расійскі бок перакладае адказнасць на ўкраінскія войскі.