#НЕслабыйпол: глядзіце, якія дзяўчаты служаць у беларускім войску!

Жаночы твар беларускай арміі / тут і далей фота: t.me/modmilby
У кастрычніку 2019 года тэлеграм-канал Міністэрства абароны Беларусі пачаў публікаваць фота дзяўчат, якія служаць у беларускім войску. Былі фалькларыстка, трэнер па тэквандо, перакладчыца — сталі дэсантніца, сувязісткі і планшэтыстка! У вайны, вядома, не жаночае аблічча. Але гэтыя дзяўчаты працуюць там, дзе мы прывыклі бачыць мужчын, — і ў войску гэтаму толькі рады!

На гэтым фота — старшына Кацярына Сузюмава. Дзяўчына служыць начальнікам клуба ў зенітным ракетным палку. Кацярына атрымала адукацыю ў галіне сусветнай культуры і фальклору, але сваё пакліканне знайшла ў войску.

Яфрэйтар Таццяна Паршута служыць у 742-м вузле сувязі. Яна старшы механік і тэлефаніст.

Яфрэйтар Аляксандра Хлябіч служыць старшым аператарам-радыётэлеграфістам у адным з батальёнаў радыёэлектроннай барацьбы ў Брэсце.

Радавая кантрактнай службы Людміла Някрылава служыць у вайсковай часці 97061 на пасадзе аператара-радыётэлефаніста пункта кіравання. Яна вырасла ў сям'і вайскоўцаў, але адукацыю атрымала "мірную": спецыяліст па знешнеэканамічных сувязях і перакладчык-рэферэнт. А потым гены ўсё-ткі ўзялі сваё.

Ксенія Кіркевіч — дэсантніца. У дзяўчыны вышэйшая юрыдычная адукацыя. У цяперашні час яфрэйтар праходзіць службу ў палявым вузле сувязі.

Лейтэнант Кацярына Машута скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі ў 2010 годзе. Дзяўчына служыць у Цэнтральным вузле сувязі Мінабароны. Якую менавіта пасаду займае Кацярына, у тэлеграм-канале не ўдакладняюць.

Злева на фота — старшы прапаршчык Кацярына Кузьміч. Па першай спецыяльнасці дзяўчына — трэнер па тэквандо. Ужо 9 гадоў служыць у батальёне сувязі 120-й брыгады. Кацярына — начальнік апаратнай.
Побач з ёй — старшы лейтэнант Ірына Біркас — начальнік медыцынскай службы асобнага механізаванага батальёна ў 120-й брыгадзе.

Яфрэйтар Алена Жаўткевіч — планшэтыст верталётнай эскадрыллі на Мі-24, Мі-8. У авіяцыі ўжо 12 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.