Беларусь уначы збівала дроны над сваёй тэрыторыяй — Мінабароны

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Дрон, ілюстрацыйнае фота / iStock/Olena Bartienieva

Беларускія вайскоўцы ў ноч на 10 верасня збівалі дроны над тэрыторыяй нашай краіны. Пра гэта паведаміў начальнік Генштаба — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Павел Муравейка.

Ён заявіў, што падчас "начнога ўзаемнага абмену ўдарамі беспілотнымі лятальнымі апаратамі паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай" некаторыя дроны збіваліся з курсу ў выніку ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

"Частка беспілотнікаў, якія заблукалі, была знішчаная сіламі супрацьпаветранай абароны нашай краіны над тэрыторыяй рэспублікі", — падкрэсліў Муравейка. Ён не ўдакладніў, якой краіне належалі збітыя дроны.

Таксама начальнік Генштаба паведаміў, што беларускія дзяжурныя сілы абменьваліся ўначы аператыўнай інфармацыяй з Польшчай і Літвой і апавяшчалі іх пра набліжэнне БПЛА.

"Гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што польскі бок таксама інфармаваў беларускія дзяжурныя баявыя разлікі аб набліжэнні да мяжы Рэспублікі Беларусь неапазнаных лятальных апаратаў з тэрыторыі Украіны", — адзначыў Муравейка.

Сёння ўначы Расія зладзіла паветраную атаку на заходнія вобласці Украіны. Падчас яе значная колькасць дронаў заляцелі на тэрыторыю Польшчы. У гатоўнасць былі прыведзеныя польскія сілы СПА, у неба была ўзнятая авіяцыя Польшчы і NATO. Некаторыя дроны былі збітыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.