Курсант Ваеннай акадэміі загінуў пры дэсантаванні

Парашут, ілюстрацыйнае фота

Парашут, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Курсант-трэцякурснік Ваеннай акадэміі загінуў пры скачку з самалёта. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны.

Міністэрства абароны пачало праверку па факце гібелі. Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас дэсантавання з самалёта Ан-2 на адным з палігонаў у паветры адбылася няштатная сітуацыя, гаворыцца ў паведамленні ведамства. У выніку "вайсковец атрымаў траўму, несумяшчальную з жыццём".

Абставіны трагедыі высвятляе камісія Мінабароны разам са Следчым камітэтам. На месца здарэння выехаў намеснік міністра абароны.

Паведамляецца, што хлопец навучаўся на трэцім курсе аднаго з факультэтаў Ваеннай акадэміі. Па службе і ў вучобе меў станоўчыя характарыстыкі, скакаў з парашутам не адзін раз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.