Немцы растлумачылі беларускім транспартнікам, чаму трамвай выгаднейшы за метро

Нямецкія эксперты растлумачылі беларускім транспартнікам, чаму развіваць трамвайны рух выгадней за метро. Як выявілася, будаўніцтва 1 км “падземкі” каштуе столькі ж, колькі пракладка 10 км трамвайных пуцёў. Да таго ж гэты від транспарту танней зрабіць даступным для людзей з інваліднасцю, бацькоў з каляскамі. Пра гэта распавёў на семінары “Трамвай у інтэграванай сістэме рэйкавага транспарту: сёння і заўтра” дарадца Выканаўчага камітэта дырэктара Саюза транспартнікаў федэральных земляў Берлін-Брандэнбург (VBB) Ханс-Вернер Франц. Семінар прайшоў у Мінску 6 кастрычніка ў межах Беларускага транспартнага тыдня і быў арганізаваны Беларускім саюзам транспартнікаў, прадпрыемствам “Мінсктранс”, рэгіянальным украінскім прадстаўніцтвам Фонда імя Фрыдрыха Эберта пры інфармацыйнай падтрымцы ОДБ Брусель.
Паводле Ханца-Вернера Франца, немцы падлічылі, што трамвайная сетка больш гнуткая для рэгулявання і мадэрнізацыі. Пасажыры маюць больш магчымасцяў прамых перасадак на іншыя віды транспарту, а паскорыць рух трамваяў лягчэй праз адасабленне рэйкавай лініі на аўтадарозе. Да таго ж трамвайныя шляхі лёгка мадэрнізаваць пакрокава і асобнымі фрагментамі; трамвайныя лініі ахопліваюць большую плошчу горада, чым лініі метро. У трамвайным руху дастаткова лёгка змяняць частату перавозак і змяшчальнасць (пры неабходнасці прычапляць дадатковы вагон ці пускаць падоўжаны трамвай).
У Беларусі трамвайны рух прысутнічае толькі ў 4-х гарадах: Мінску, Віцебску, Мазыры ды Наваполацку. Пры гэтым у сталіцы Нямеччыны Берліне ў бліжэйшай будучыні плануецца пабудаваць каля 100 кіламетраў трамвайных дарог.
Трамвайны рух у Германіі развіваецца буйнымі тэмпамі ў вялікіх гарадах, асабліва гэта прыкметна ў фінансавым цэнтры — Франкфурце, дзе трамваямі карыстаюцца банкіры і кіраўнікі міжнародных кампаній, каб сэканоміць час і не патрапіць у "затор".