Нельга, каб дзеянні аднаго чалавека знішчылі працу BYSOL — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская пракаментавала скандал з дзікпікамі Андрэя Стрыжака.

Лідарка беларускіх дэмсілаў выказала падтрымку ўсім пацярпелым ад харасменту жанчынам: "Дзякуй, што знаходзіце ў сабе сілы ў адкрытую казаць пра такія важныя і балючыя тэмы. Некарэктныя і ганебныя паводзіны нельга апраўдваць ці замоўчваць. Бо гэта шырокая сацыяльная праблема, якая закранае сям’ю, працу, усё грамадства".

Разам з тым яна заклікала падтрымаць фонд салідарнасці BYSOL, дзе Стрыжак з'яўляецца заснавальнікам і кіраўніком (ці адным з кіраўнікоў).

"BYSOL — гэта не адзін чалавек, а арганізацыя, якая працуе шмат гадоў. Гэта каманда, якая фарміравалася з людзей з досведам, прафесіяналізмам, вытрымкай. Людзей, што дапамагалі іншым, нават калі самі знаходзіліся ў небяспецы. Многія з іх з самага пачатку былі побач з беларусамі ў цяжкія часы", — гаворыцца ў звароце.

Ціханоўская нагадала, што BYSOL прызнаў праблему, адхіліў Стрыжака ад працы і пачаў унутранае расследаванне. "Лічу, што такая празрыстая і сумленная пазіцыя адпавядае стандартам, якіх мы ўсе чакаем ад арганізацыяў, што працуюць для Беларусі", — адзначыла яна.

Лідарка дэмсілаў мяркуе, што гэты рэзанансны выпадак не павінен абнуляць значнасць працы ўсёй каманды. "Нельга дазволіць, каб дзеянні аднаго чалавека знішчылі шматгадовую працу фонду, бо BYSOL дапамог і дапамагае тысячам беларусаў. Падтрымку ад фонду атрымалі людзі, чые жыцці былі пад пагрозай. І BYSOL па-ранейшаму патрэбны тым, хто ўсё яшчэ ў небяспецы", — падкрэсліла Ціханоўская.

На яе думку, учынак Стрыжака "не падстава разбураць фундамент, які гадамі ствараўся сумленнымі і адданымі людзьмі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.