Андрэй Стрыжак прызнаўся ў сексуальнай залежнасці

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак вырашыў пракаментаваць скандал з рассылкай дзікпікаў і прызнаўся, што мае сексуальную залежнасць. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

"Я шчыра пагутарыў з людзьмі, што добра ведаюць мяне, і магу дакладна сказаць сабе і вам: я маю праблему з сексуальнай залежнасцю і збіраюся працаваць з ёй са спецыялістамі", — заявіў актывіст.

Ён паведаміў, што 18 траўня 2023 года развёўся і гэта моцна паўплывала на яго стан і паводзіны.

"2023 год быў адным з найгоршых у маім жыцці, я меў вялікія праблемы з залежнасцямі — алкагольнай, харчовай і сексуальнай, і ўсё скончылася цяжкім пераломам. Пасля пералому я ўзяўся за здароўе: даў рады з алкаголем, скінуў вагу, вярнуў функцыю рукі, але ж зусім не даваў рады з станам псіхікі", — канстатаваў Стрыжак.

У сваім допісе ён папрасіў прабачэння ва ўсіх, "каму я мог прынесці шкоду сваімі дзеяннямі, залішняй увагай, настойлівасцю, прапановай непажаданага кантакту". Стрыжак прызнае, што ён не заўжды да канца "адрэфлексоўваў пытанне згоды" працілеглага боку.

"Я не ўлічваў моманту, што нехта з маіх адрасатак можа ўспрымаць мяне як чалавека з пазіцыяй улады над імі. Гэта можа прагучаць дзіўна, але ж я кажу пра сваё ўспрыняцце. Тыя хто ведае мяне асабіста, ведаюць, што я не ўключаю асабістыя ўпадабанні ці антыпатыі ў працу. Ніхто з тых, хто хейціў мяне, ніяк не былі дыскрымінаваныя ў дапамозе. Таксама важны момант — дапамогу ад BYSOL так ці інакш атрымалі дзясяткі тысяч чалавек. Ва ўмовах эміграцыі любы мой прыватны кантакт з амаль любой жанчынай з Беларусі і нашага поля — гэта патэнцыйны канфлікт інтарэсаў", — гаворыцца ў допісе.

Стрыжак кажа, што папрасіў прабачэння за кожны выпадак адпраўкі "непажаданага кантэнту" без выразнай згоды.

"Астатнія прыватныя перапіскі, што рабіліся мной, вяліся ў рэжыме ўзаемнасці: я пісаў — і мне пісалі, і па тым, што і як пісалі, я лічыў, што гэта актыўная згода. Калі мне нехта казаў "не", я спыняўся. Бо "не" — гэта значыць "не". Але ж, як бачна па думцы вышэй, "так" — гэта таксама не заўсёды "так". Што з гэтым усім рабіць і як будаваць далей сваё асабістае жыццё, каб нікога не пакрыўдзіць і пазбегнуць магчымага канфлікта інтарэсаў, я не ведаю", — піша актывіст.

Ён заяўляе, што пра сваё жыццё будзе размаўляць у межах разбіральніцтва, ініцыянаванага фондам BYSOL.

"Мая задача — разабрацца ў тым, што я рабіў і якое пакаранне я мушу панесці. Кожнае пакаранне мусіць быць сувымернае дзеянню. Ёсць законы, мы ў Еўропе, то давайце будзем імі кіравацца. Калі я злачынца, то мушу быць пакараны. Але не знішчаны як чалавек і асоба", — падкрэслівае Стрыжак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.