КДБ заявіла, што ў ЕС рыхтуюць "вызваленчае войска" для Беларусі

Камітэт дзяржбяспекі Беларусі
На тэрыторыі Еўрасаюза апаненты рэжыму Лукашэнкі рыхтуюць "вызваленчае войска" для паходу на Беларусь. Пра гэта на канферэнцыі СНД у Душанбэ заявіў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі Сяргей Церабаў.
"Істотныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі краіны нясе падрыхтоўка праціўнікам сілавога кампанента для захопу ўлады, у тым ліку шляхам стварэння так званай беларускага вызваленчага войска. Паводле задум апанентаў улады яно павінна быць сфармаванае паводле стандартаў NATO і складацца з трох брыгад агульнай колькасцю ад 9 тысяч да 15 тысяч чалавек", — прыводзіць ТАСС выказванні беларускага кадэбіста.
Аснову гэтага "вызваленчага войска", паводле яго, складаюць "узброеныя фармаванні з ліку грамадзян Беларусі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы, Украіны і Літвы". Яны, нібыта, займаюцца баявой падрыхтоўкай паводле стандартаў NATO пад кіраўніцтвам былых або дзейных вайскоўцаў краін NATO і Украіны.
"Мэта — уварванне ў Рэспубліку Беларусь. Асноўнымі элементамі навучання такіх баевікоў з'яўляюцца выкарыстанне БПЛА, у тым ліку ўдарных дронаў, баявыя дзеянні ў гарадскіх умовах, штурм будынкаў і падрыхтоўка да правядзення дыверсій і тэрактаў, асновы мінна-выбуховай справы, выраб самаробных выбуховых прылад", — падкрэсліў Церабаў.
Падрыхтоўка, паводле яго, вядзецца на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Чэхіі ды краін Балтыі. "Контрразведвальнае суправаджэнне дзейнасці і кіраванне фармаваннямі ажыццяўляе Служба бяспекі Украіны, а практычнае выкарыстанне курыруе Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны", — сцвярджае Церабаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.