Каардынацыйную раду пакінуў блогер Аляксандр Кабанаў

Аляксандр Кабанаў

Аляксандр Кабанаў

Блогер Аляксандр Кабанаў пакінуў Каардынацыйную раду. Ён уваходзіў у фракцыю "Воля".

"Калі ўстанова не клапоціцца пра сваю бяспеку, там няма чаго рабіць", — так Кабанаў лаканічна пракаментаваў ён для Еўрарадыё прычыны свайго рашэння.

Дэмарш звязаны з вынікамі галасавання пра тое, ці варта чальцам КР у абавязковым парадку праходзіць паліграф. Галасаванне нават не набрало кворуму: у ім паўдзельнічаў толькі 21 дэлегат з 77. Некаторыя фракцыі — напрыклад, "Моладзевы наступ" і "Каманда Латушкі і Рух "За свабоду" — яго ўвогуле праігнаравалі.

Яшчэ адзін удзельнік фракцыі "Воля", былы каліновец Аляксандр "Кусь" Клачко заявіў, што да 16 снежня спыняе сваю актыўную дзенйнасць у КР — "як у рамках фракцыі "Воля", так і ў рамках камісіі КР па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы". Сваё рашэнне ён патлумачыў "стратай даверу да часткі ўдзельнікаў КР-3" пасля правалу галасавання пра выкарыстанне паліграфа.

Канчатковае рашэнне наконт удзелу ў гэтым складзе Каардынацыйнай рады Клачко паабяцаў прыняць "на халодную галаву пасля 16.12.2025".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.