Польшча выслала ў Літву беларускую экс-палітзняволеную

Наталля Падлеўска / ПЦ "Вясна"
Польскія памежнікі спрабуюць выслаць у Літву былую беларускую палітзняволеную Наталлю Падлеўску. Па яе прыйшлі ўдзень 22 кастрычніка, не даўшы толкам нават сабраць рэчы, піша выданне MOST.
Праваабаронцы не маюць сувязі з жанчынай ужо больш за 10 гадзін. Перадача на літоўскай мяжы павінна адбыцца 23 кастрычніка ў 12.00. Тым часам юрысты змагаюцца, каб перашкодзіць выкананню гэтага рашэння.
60-гадовая Наталля Падлеўска прыехала ў Еўрасаюз па літоўскай візе. Аднак яна асела ў Польшчы — там у яе жывуць блізкія сваякі, якія маюць польскае грамадзянства і ВНЖ у гэтай краіне. У Польшчы жанчына правяла год, падала хадайніцтва аб міжнароднай абароне.
Аднак упраўленне па справах замежнікаў пастанавіла перадаць справу на разгляд Літве ў адпаведнасці з Дублінскім пагадненнем. Згодна з ім справу аб міжнароднай абароне разглядае краіна, якая выдала дазвол на ўезд у ЕС. Але Дублінскі рэгламент дазваляе рабіць выключэнні па гуманітарных падставах. У гэтым выпадку пажылая жанчына мае ў Польшчы сваякоў, якія пра яе клапоцяцца. Сама Падлеўска пасля турмы мае праблемы са здароўем.
Жанчына падала ў суд заяву, каб аспрэжчыць рашэнне пра высылку. Пасяджэнне прызначылі на 24 кастрычніка. Але калі сёння Падлеўску вышлюць, адстойваюць сваю пазіцыю яна не зможа.
Кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская падкрэслівае, што Дублінскі рэгламент не прадугледжвае зваротнай выдачы. Калі Наталлю паспеюць перадаць Літве, а на наступны дзень польскі суд адменіць рашэнне аб перадачы, то тэхнічна выканаць рашэнне суда ўжо не будзе магчымасці. Тады жанчыне давядзецца чакаць разгляду справы ў Літве — удалечыні ад сям'і, якая можа пра яе паклапаціцца.
Затрымаць выдачу Падлеўскай спрабуюць не толькі праваабаронцы, але і Офіс Святланы Ціханоўскай. Зварот рыхтуе і каманда Паўла Латушкі.
Наталля Падлеўска была асуджаная на адзін год калоніі і штраф у 100 базавых у 2021 годзе. Жанчыну абвінавацілі ў "абразе прадстаўнікоў улады". Неўзабаве пасля выхаду на волю яна пакінула Беларусь.
Пазней "Белсат" паведаміў, што Падлеўску ўсё ж дэпартавалі ў Літву. Гэтую інфармацыю пацвердзілі юрыстка Ганна Маціеўская і дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.